Інстытуты філязофіі і сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб’ядноўваюць у адну структуру

Акадэмія навук Беларусі. Архіўнае фота
Акадэмія навук Беларусі. Архіўнае фота

Новая навуковая арганізацыя будзе называцца «Інстытут сацыялёгіі, філязофіі і паліталёгіі».

Пра гэта паведаміў намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Дудчык, піша БелТА.

«Мы перажываем арганізацыйныя зьмены. У далейшым мы плянуем працягнуць сваю працу ў рамках новага сумеснага інстытуту. Ён будзе называцца Інстытут сацыялёгіі, філязофіі і паліталёгіі. І плянуецца асобны цэнтар філязофіі або філязофскіх дасьледаваньняў, якія будуць займацца філязофскімі праблемамі. Хачу падкрэсьліць, што мы захоўваем усе свае дасьледаваньні, падтрымліваем задачы ў рамках дзяржаўнай праграмы, захады, якія мы плянавалі на наступны год, захоўваем праекты нашых выданьняў, карацей кажучы, працягваем філязофскую працу», — сказаў Андрэй Дудчык.

Паводле Дудчыка, у Беларусі зацьверджана дзяржаўная падпраграма філязофіі як частка дзяржаўнай праграмы навуковых дасьледаваньняў у пяцігадовым пляне.

На сайце НАН Беларусі пакуль пазначаныя два інстытуты — Інстытут філязофіі і Інстытут сацыялёгіі. Абодва месьцяцца ў адным будынку ў Менску — на вуліцы Сурганава, 1, корпус 2. На сайтах абедзьвюх установаў таксама няма інфармацыі, чым абумоўлена гэтае рашэньне.

Заяваў пра звальненьне навукоўцаў кіраўніцтва НАН не рабіла.

Чаму гэта важна

Рашэнне зьявілася ва ўмовах скарачэньня гуманітарнай прасторы ў Беларусі. Дзяржава спачатку закрыла прыватныя культурныя ініцыятывы, потым прыватныя выдавецтвы, потым дзяржаўнае выданьне «Літаратура і мастацтва», а дзяржаўныя літаратурныя часопісы зьмяншаюць пэрыядычнасьць выхаду.

Што яшчэ памяняў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які істотна рэфармуе навуку ў Беларусі. У прыватнасьці, цяпер Лукашэнка зможа сваімі ўказамі прысвойваць акадэмічныя званьні людзям, якія «ўнесьлі ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, беларускай і ўсясьветнай навукі».

Указ Лукашэнкі мяняе сыстэму кіраваньня Нацыянальнай акадэміяй навук. Старшыня яе прэзыдыюму, ягоныя намесьнікі і галоўны вучоны сакратар атрымаюць статус дзяржаўных службоўцаў. Кіраўніцтва НАН зможа самастойна прызначаць і звальняць кіраўнікоў падпарадкаваных навуковых установаў.

Указ зьліквідуе і рэарганізуе шэраг дзяржаўных навуковых установаў і навукова-практычных цэнтраў НАН. Аптымізацыя, як гэты працэс называюць улады, павінна ўхіліць дубляваньне функцыяў і засяродзіць патэнцыял навуковых установаў на разьвязаньні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задачаў у галіне тэхналёгіяў і тэхнікі, далейшым павышэньні эфэктыўнасьці навуковых дасьледаваньняў.

У лютым 2025 году група навукоўцаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі з палітычных прычынаў, падрыхтавалі даклад, у якім адзначылі, што інстытуцыянальны крызіс, у якім апынулася Нацыянальная акадэмія навук, «можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаваньню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця».

​
XS
SM
MD
LG