Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўказу Лукашэнкі Савет бясьпекі будзе вызначаць, ці варты навуковец званьня акадэміка

Акадэмія навук Беларусі. Архіўнае фота
Акадэмія навук Беларусі. Архіўнае фота

Згодна з указам Лукашэнкі, навукоўцы, заўважаныя ў апазыцыйнай дзейнасьці, не атрымаюць доступу да дакумэнтаў Акадэміі навук і кіроўных пасадаў.

Указ, апублікаваны 21 кастрычніка на партале Pravo.by, уводзіць абмежаваньні для навукоўцаў, заўважаных у апазыцыйнай дзейнасьці або падтрымцы «экстрэмізму».

«Правадзейныя чальцы (акадэмікі) і чальцы-карэспандэнты ў выпадку ўчыненьня імі злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці, цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, іншых дзеяньняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам або накіраваных на дыскрэдытацыю акадэмічнага вучонага званьня, не дапускаюцца да ўдзелу ў рабоце органаў кіраваньня Акадэміі навук», — гаворыцца ва ўказе.

«Правадзейныя чальцы (акадэмікі) і чальцы-карэспандэнты ня могуць: прымаць удзел у арганізацыях, фармаваньнях, захадах антыдзяржаўнай накіраванасьці; разьмяшчаць публікацыі, якія зьмяшчаюць антыдзяржаўныя матэрыялы, у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, асабістых акаўнтах у сацыяльных сетках», — папярэджвае ўказ.

Акадэмікамі і чальцамі-карэспандэнтамі Акадэміі навук ня моць быць выбраныя навукоўцы, заўважаныя ў апазыцыйнай дзейнасьці:

«Кандыдатамі ў члены Акадэміі навук ня могуць быць вылучаныя асобы ў выпадку ўчыненьня імі: злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці, цяжкага або асабліва цяжкага злачынства; адміністрацыйнага правапарушэньня, выяўленага ў парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, прапагандзе або публічным дэманстраваньні, вырабе, распаўсюджваньні нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі, распаўсюджваньні, вырабе, захоўваньні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць», — пастанаўляе ўказ.

Цяпер матэрыялы на кандыдатаў у акадэмікі і чальцы-карэспандэнты НАН накіроўваюцца ў Савет Бясьпекі.

«Рэгістрацыя вылучаных кандыдатаў Прэзыдыюмам ажыцьцяўляецца пасьля атрыманьня высноваў Дзяржаўнага сакратарыяту Савета Бясьпекі Рэспублікі Беларусь аб адсутнасьці зьвестак, якія перашкаджаюць выбраньню ў чальцы Акадэміі навук», — гаворыцца ва указе.

Што яшчэ памяняў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які істотна рэфармуе навуку ў Беларусі. У прыватнасьці, цяпер Лукашэнка зможа сваімі ўказамі прысвойваць акадэмічныя званьні людзям, якія «ўнесьлі ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, беларускай і ўсясьветнай навукі».

Указ Лукашэнкі мяняе сыстэму кіраваньня Нацыянальнай акадэміяй навук. Старшыня яе прэзыдыюму, ягоныя намесьнікі і галоўны вучоны сакратар атрымаюць статус дзяржаўных службоўцаў. Кіраўніцтва НАН зможа самастойна прызначаць і звальняць кіраўнікоў падпарадкаваных навуковых установаў. Дакумэнт таксама ўводзіць узроставыя абмежаваньні для вылучэньня ў акадэмікі і чальцы-карэспандэнты: адпаведна да 70 і 60 гадоў. Сярод іншых патрабаваньняў — навуковая ступень доктара навук і званьне прафэсара. Пры гэтым сам Лукашэнка сваімі ўказамі зможа прысвойваць акадэмічныя званьні тым, каго палічыць вартымі гэтага.

Указ зьліквідуе і рэарганізуе шэраг дзяржаўных навуковых установаў і навукова-практычных цэнтраў НАН. Аптымізацыя, як гэты працэс называюць улады, павінна ўхіліць дубляваньне функцыяў і засяродзіць патэнцыял навуковых установаў на разьвязаньні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задачаў у галіне тэхналёгіяў і тэхнікі, далейшым павышэньні эфэктыўнасьці навуковых дасьледаваньняў.

У лютым 2025 году група навукоўцаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі з палітычных прычынаў, падрыхтавалі даклад, у якім адзначылі, што інстытуцыянальны крызіс, у якім апынулася Нацыянальная акадэмія навук, «можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаваньню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG