Агулам, паводле зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны перасьлед патрапілі мінімум 121 замежны грамадзянін.
Праваабаронцам вядома, што раней 39 палітзьняволеных замежнікаў былі памілаваныя і вызваленыя, у тым ліку грамадзянін Украіны Максім Швец, якога асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня і грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, якому прысудзілі сьмяротнае пакараньне.
Па стане на 17 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 877 чалавек.
За што трымаюць у няволі замежнікаў?
Паводле «Вясны» замежнікаў утрымліваюць за кратамі за «агентурную дзейнасьць», «шпіянаж», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «заклікі да санкцый», «удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «дыскрэдытацыю Беларусі», «акт тэрарызму» і нават «міжнародны тэрарызм».
Сярод 24 замежнікаў-палітвязьняў усе мужчыны. Гэта грамадзяне Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы і Чэхіі, тры зь іх з падвойным грамадзянствам. Таксама ў сьпісе палітвязень, які ня мае грамадзянства. Гэта былы грамадзянін Казахстана Максім Матырка, які атрымаў грамадзянства Беларусі, але ў няволі быў яго пазбаўлены.
У няволі знаходзяцца два грамадзяніна Літвы. Гэта Міраславас Троцкіс і Яўген Румо, які мае яшчэ і грамадзянства Беларусі.
Таксама падвойнае грамадзянства, Чэхіі і Беларусі, мае Віталь Дзямідчык, які сёлета ў чэрвені прыехаў у Беларусь праведаць хворую маці і быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў фінансавай падтрымцы палка імя Каліноўскага.
Яшчэ адзін палітвязень з падвойным грамадзянствам — Ігар Сутырка, які па інфармацыі «Вясны», апроч беларускага мае таксама грамадзянства Польшчы.
Паводле «Вясны» цяпер у беларускіх вязьніцах мінімум восем грамадзян Украіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павал Кабарчукі з Валынскай вобласьці Ўкраіны, егер з Украіны Вячаслаў Бародзій, Іван Ліхалата, які жыў у Горадні, Сяргей Бойка з Нароўлі, Віктар Келер, які вырас у Мазыры, Аляксандар Каваленка з Пастаўскага раёну. Як стала вядома сёньня, восьмы ўкраінскі палітвязень — Максім Сяменьчанка. Яму 23 гады, маладога мужчыну асудзілі за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці.
З 2020 году, паводле праваабаронцаў, па памілаваньні і абмене вызвалілі каля 20 грамадзян Украіны.
Яшчэ 11 замежнікаў-палітвязьняў у беларускіх вязьніцах — грамадзяне Расеі. Гэта Дзьмітрый Папоў, Ягор Дуднікаў, Аляксей Кулікоў, Алег Сычоў, Аляксей Кузаваткін, Сяргей Жукоўскі, Айрат Халікаў, Аляксандр Мар’ясаў, Павел Аляксееў, Уладзімір Карчэўны, Эдуард Кашэцян.
Два грамадзяніна Расеі — Дзьмітрый Шлетгаўэр і Андрэй Паднябенны — памерлі за кратамі, нагадалі праваабаронцы «Вясны».
Форум