Прэзыдэнт Манголіі праз абвінавачаньні ў карупцыі пайшоў у адстаўку. Раней ён атрымаў ад Лукашэнкі два трактары

Прэзыдэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух, архіўнае фота
Прэзыдэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух, архіўнае фота

Прэзыдэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух заявіў аб адстаўцы пасьля таго, як апазыцыйная партыя абвінаваціла яго ў атрыманьні фінансавай выгады ад урадавага чыгуначнага праекту і запатрабавала ягонай адстаўкі.

Як паведаміла агенцтва AP, ён паабяцаў супрацоўнічаць зь сьледзтвам.

Ухнаагійн Хурэлсух заняў пасаду прэзыдэнта ў 2021 годзе на хвалі перамогі Мангольскай народнай партыі (былая МНРП, кіроўная партыя краіны ў часы камунізму), якая тады атрымала большасьць у заканадаўчым органе. Прэм’ер-міністар Манголіі таксама сябра гэтай партыі.

Аднак апошнімі гадамі ў партыі назіраюцца канфлікты; толькі за дзевяць месяцаў у краіне зьмяніліся тры кіраўнікі ўраду. Цяпер рашэньне аб адстаўцы Ухнаагійна Хурэлсуха мусіць ухваліць парлямэнт — Дзяржаўны вялікі хурал.

Сувязь зь Беларусьсю

Прэзыдэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух наведваў Беларусь зь візытам сёлета 24–26 кастрычніка. Гэта быў візыт у адказ пасьля наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Улан-Батару ў 2024 годзе. Тады мангольскі кіраўнік падарыў Лукашэнку двух мангольскіх скакуноў-жарабцоў, якіх назвалі Мір і Хуткі, а Лукашэнка яму — два трактары «Беларус» розных мадэляў.

Колішні прэзыдэнт і экс-прэм’ер Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж заклікаў арыштаваць Лукашэнку па прылёце ва Ўлан-Батар, а грамадзкі рух «Не — вайне» зладзіў акцыю пратэсту супраць візыту Аляксандра Лукашэнкі ў краіну. Актывісты выйшлі на плошчу Сухэ-Батара ў сталіцы Манголіі, дзе іх затрымала паліцыя, паведамляў тады мангольскі сайт news.mn. Кіраўніка руху, які назваў Лукашэнку ваенным злачынцам паводле міжнароднага крымінальнага права, пратрымалі ў пастарунку 2,5 гадзіны і адпусьцілі.

Падчас сёлетняга візыту Ухнаагійна Хурэлсуха ў Менск бакі абмяркоўвалі супольныя праекты ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы, а таксама падрыхтавалі дарожную мапу супрацы на 2027–2029 гады. Паралельна ў беларускай сталіцы прайшлі Дні культуры Манголіі і двухбаковы бізнэс-форум.

​
XS
SM
MD
LG