У Празе сотні тысяч выйшлі на самы масавы антыўрадавы пратэст

Пратэст у празе 15 лістапада 2026
Пратэст у празе 15 лістапада 2026

У Чэхіі сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы супраць плянаў ураду прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша скасаваць абавязковыя зборы на грамадзкія тэлебачаньне і радыё. Пратэсты ў Празе і іншых гарадах сталі адным з найбольш прыкметных канфліктаў новага ўраду з грамадзянскай супольнасьцю.

Нядзельны антыўрадавы мітынг у Празе сабраў каля 350-450 тысяч чалавек. Такія лічбы назваў Мікулаш Мінарж — лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Мільён імгненьняў для дэмакратыі» (Milion chvilek pro demokracii), якое арганізавала сёньняшнюю дэманстрацыю. Ня выключана, што гэта самы шматлікі мітынг у гісторыі краіны.

Чаму людзі пратэстуюць супраць адмены плацяжу?

Цяпер хатнія гаспадаркі, на якія распаўсюджваецца абавязак плаціць абодва зборы — за радыё і тэлебачаньне — аддаюць агулам 205 кронаў на месяц (каля $10). Адмена збораў была перадвыбарчым абяцаньнем Бабіша, які прадстаўляе партыю ANO. Ягоны ўрадавы блёк таксама падтрымліваюць правая партыя SPD і эўраскептычныя «Аўтамабілісты за сябе».

Урад прапануе перайсьці на фінансаваньне грамадзкіх мэдыя зь дзяржаўнага бюджэту. Крытыкі рэформы папярэджваюць, што гэта можа зрабіць тэлебачаньне і радыё больш залежнымі ад палітычных рашэньняў улады. Першапачатковы ўрадавы плян таксама прадугледжваў скарачэньне фінансаваньня прыкладна на 15%.

Бабіш адмаўляе, што рэформа накіраваная супраць незалежнасьці журналістаў, і называе яе выкананьнем выбарчага абяцаньня. Аднак апазыцыя і грамадзянская супольнасьць асьцерагаюцца, што ўрад зможа ўплываць на мэдыя празь бюджэтныя рашэньні. Праціўнікі рэформы параўноўваюць гэты сцэнар з падзеямі ў Вугоршчыне за часамі Віктара Орбана, дзе грамадзкія мэдыя трапілі пад большы кантроль дзяржавы.

Дадатковую крытыку выклікала правядзеньне першага чытаньня законапраекту ў парлямэнце рана раніцай у суботу — каля 4:36. Праціўнікі рэформы палічылі гэта спробай абмежаваць паўнавартасную дыскусію.

Перад вулічнымі акцыямі супрацоўнікі Чэскага тэлебачаньня і радыё правялі страйк. 15 лістапада — як мінімум трэцяя буйная антыўрадавая акцыя. Пратэстоўцы выступаюць ня столькі за захаваньне самога збору, колькі за незалежнае грамадзкае вяшчаньне, якое можа крытыкаваць уладу і расьсьледаваць яе дзеяньні без пагрозы страціць фінансаваньне. Іх асноўная занепакоенасьць у тым, ці заменяць яго празрыстай і стабільнай сыстэмай, якая абароніць грамадзкія мэдыя ад палітычнага ціску.

​
XS
SM
MD
LG