Дата дня
15 лістапада — Міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні.
Штогод, пачынаючы з 1981-га, у гэты дзень ПЭН-цэнтар, міжнародная пісьменьніцкая праваабарончая арганізацыя, выказвае салідарнасьць зь пісьменьнікамі, журналістамі і выдаўцамі, якія зазналі зьняволеньне, перасьлед альбо загінулі.
Паводле Беларускага ПЭНу, цяпер у няволі ня менш за 19 людзей слова:
- Ігар Аліневіч
- Вацлаў Арэшка
- Дзяніс Івашын
- Ігар Ільяш
- Максім Лепушэнка
- Уладзімір Монзуль
- Аляксей Навагродскі
- Валеры Пазьнякевіч
- Ціна Палынская
- Алена Панкратава
- Паліна Піткевіч
- Руслан Равяка
- Сяргей Сацук
- Вольга Сітнік
- Аляксандар Францкевіч
- Алег Хаменка
- Алена Церашкова
- Аксана Ючкавіч
- (імя не разгалошваецца)
Гэты дзень у гісторыі
1415 — Сабор у Наваградку пасьвяціў Рыгора Цамблака ў мітрапаліты кіеўскія і літоўскія. Гэтым саборам Вітаўт хацеў дамагчыся незалежнага ад Масквы царкоўнага кіраваньня для праваслаўных земляў ВКЛ. Але Канстантынопальскі патрыярх дазволу ня даў.
1777 — другі Кантынэнтальны кангрэс Амэрыкі прыняў Артыкулы Канфэдэрацыі — першую канстытуцыю Злучаных Штатаў, якая ўступіла ў сілу 1 сакавіка 1781 году пасьля ратыфікацыі ўсімі 13 штатамі.
1805 — у Сьвіслачы пачала працу Горадзенская губэрнская гімназія, заснаваная пры падтрымцы графа Вінцэнта Тышкевіча. У 1847–1852 гадах тут вучыўся Кастусь Каліноўскі, будучы кіраўнік паўстаньня 1863–1864 гадоў. Ужо падчас ягонай вучобы гімназію панізілі ў статусе да павятовага вучылішча.
1917 — бальшавіцкі ўрад прыняў Дэклярацыю правоў народаў Расеі, падпісаную Ўладзімірам Леніным і Ёсіфам Сталіным. У дакумэнце абвяшчаліся роўнасьць і сувэрэннасьць народаў былой Расейскай імпэрыі, іхнае права на самавызначэньне аж да аддзяленьня і стварэньня незалежных дзяржаваў.
1918 — закрылася Сьвіслацкая беларуская настаўніцкая сэмінарыя. За два гады беларуская сэмінарыя падрыхтавала 144 настаўнікі для беларускіх школаў.
1920 — у Жэнэве прайшло першае пасяджэньне асамблеі Лігі Нацый. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі 41 краіны.
1925 — выйшла першая перадача рэгулярнага вяшчаньня Беларускага радыё.
1932 — у Менску адкрылася Беларуская дзяржаўная кансэрваторыя.
1962 — стварылі Саюз кінэматаграфістаў Беларусі.
1983 — Турэцкая рэспубліка Паўночнага Кіпру абвясьціла сваю незалежнасьць, якую да сёньня прызнала толькі Турэччына.
1988 — Парлямэнт Арганізацыі вызваленьня Палестыны ў выгнаньні абвясьціў аб стварэньні незалежнай дзяржавы Палестына са сталіцай у Ерусаліме.
1988 — савецкі шматразовы касьмічны карабель «Буран» зьдзейсьніў свой першы і адзіны арбітальны палёт. У адрозьненьне ад амэрыканскіх шатлаў, якія ляталі з 1981 году, «Буран» ня меў на борце экіпажу. У 1993 годзе праграму «Энэргія — Буран» закрылі празь нястачу грошай. У 2002 годзе абваліўся дах ангара, дзе захоўваўся карабель. «Буран» быў цалкам зьнішчаны. Загінулі восем рабочых.
2013 — у вёсцы Слабодка на Астравеччыне ўсталяваны помнік паўстанцам Каліноўскага. Празь дзесяць гадоў яго зруйнавалі.
2020 — затрымалі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы эфір з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў». У лютым іх асудзілі на 2 гады калёніі. Дар’я выйшла на волю ў 2022 годзе. Кацярыну пазьней асудзілі яшчэ і паводле абвінавачаньня ў «здрадзе дзяржаве» на 8 гадоў і тры месяцы. 19 сакавіка 2026 году яе вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 15 лістапада па ўсёй Беларусі затрымалі больш за тысячу чалавек.
У гэты дзень нарадзіліся
1738 — Уільям Гершэль, астраном, які адкрыў плянэту Ўран.
1879 — Мэльхісэдэк (ад нараджэньня Міхаіл Паеўскі), мітрапаліт Менскі і Беларускі, які зазнаў перасьлед савецкіх спэцслужбаў.
1885 — Мацьвей Яворскі, украінскі гісторык, акадэмік АН БССР, ахвяра сталінізму.
1898 — Піліп Кізевіч, грамадзка-палітычны дзяяч, актывіст ТБШ і беларускага школьніцкага руху на Падляшшы і Горадзеншчыне.
1907 — Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг, палкоўнік вэрмахту, выканаўца замаху на Адольфа Гітлера.
1918 — Франціш (Францішак) Бартуль, прадпрымальнік, дзяяч паваеннай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі і ЗША.
1919 — Алесь Міцкевіч, беларускі грамадзка-культурны і рэлігійны дзяяч у ЗША, пляменьнік Якуба Коласа.
1921 — Валеры Прышчапёнак, беларускі сьпявак, заслужаны артыст Беларусі.
1926 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
Мікола Канаш атрымаў за вучобу ў беларускай сэмінарыі і ўступленьне ў Саюз беларускай моладзі 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах. Адбываў пакараньне ў Інце Комі АССР. Там ў 1956-м, пасьля таго, як яго датэрмінова вызвалілі, але не дазволілі вярнуцца на радзіму, працаваў на шахце. І там жа пазнаёміўся зь легендарнай паэткай Ларысай Геніюш і са сваёй будучай жонкай, украінкай Соф’яй.
Ён расказваў, што яму прапаноўвалі пуцёўку ў Карлавы Вары і ключы ад кватэры, калі ён публічна пакаецца ў сваіх поглядах: «Не, і яшчэ раз не, адказаў я. Здраднікам радзімы не лічыў сябе ніколі»
1938 — Віктар Цітоў, беларускі этноляг і гісторык культуры.
1947 — Анатоль Ярмоленка, саліст ансамблю „Сябры“.
1951 — Віктар Скарабагатаў, опэрны сьпявак, музычны дзяяч
1955 — Сяргей Войчанка, мастак.
1993 — Меліціна Станюта, гімнастка.
У памяці
1630 — Ёган Кеплер, нямецкі матэматык, астраном і астроляг.
1670 — Ян Амас Коменскі, чэскі мысьляр-гуманіст, пэдагог, грамадзкі дзяяч.
1897 — Якуб Гейштар, удзельнік і гісторык паўстаньня 1863–1864.
1907 — Юзаф Каліноўскі, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў. Пасьля арышту расейскімі ўладамі быў асуджаны на сьмерць, але пакараньне замянілі катаргай і высылкай у Сыбір. У 1877 годзе стаў кармэлітам, прыняў імя Рафал. У 1991 годзе Папа Ян Павал II абвясьціў яго сьвятым.
1908 — Цысі, маньчжурская імпэратарка-ўдава, фактычная кіраўніца Кітайскай імпэрыі. У 1912 годзе манархія ў Кітаі была ліквідаваная.
1916 — Генрык Сянкевіч, польскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1945 — Бэр Аршанскі, пісьменьнік, драматург і літаратурны крытык, дзяяч габрэйскай культуры Беларусі.
1959 — Чарлз Вільсан, брытанскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1927)
2023 — Уладзімер Нісьцюк, беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. У 1996 годзе падтрымаў ініцыятыву імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі. Быў намесьнікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
https://smarturl.click/MAzp