Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Мікола Канаш


Валянціна Аксак, Менск Жалобная вестка прыйшла са Жлобіна — 29 кастрычніка пайшоў з жыцьця Мікола Канаш. Лёс адмерыў яму 80 гадоў, восем зь якіх пры сталінскім рэжыме ён адбыў у ГУЛАГу за тое, што быў сябрам Саюзу беларускай моладзі. У лягеры ён пасябраваў зь беларускай патрыёткай Ларысай Геніюш. Усё сваё жыцьцё Мікола Канаш заставаўся Беларусам зь вялікай літары.

Ён нарадзіўся ў 1926 годзе на Браслаўшчыне. Там жа атрымаў пачатковую асьвету. У часе вайны прыехаў вучыцца ў Паставы — гэта й пацягнула жорсткі прысуд і перасьлед цераз усё жыцьцё. Гаворыць жонка Міколы Канаша, спадарыня Соф’я.

(Канаш: ) “Ён там вучыўся ў сэмінарыі беларускай. Пры немцах гэта было. Яму за тое і тэрмін далі”.

Мікола Канаш атрымаў за вучобу ў беларускай сэмінарыі і ўступленьне ў Саюз беларускай моладзі 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах. Адбываў пакараньне ў Інце Комі АССР. Там ў 1956-м, пасьля таго, як яго датэрмінова вызвалілі, але не дазволілі вярнуцца на радзіму, працаваў на шахце. І там жа пазнаёміўся зь легендарнай паэткай Ларысай Геніюш і са сваёй будучай жонкай, украінкай Соф’яй, якая таксама была асуджаная за нацыянальныя погляды на 25 гадоў. Агульныя ідэі зьядналі на ўсё жыцьцё, і ўсё жыцьцё яны ў сям’і размаўлялі кожны на сваёй роднай мове.

Беларуса Пётру Рашэтніка зьвёў зь Міколам Канашам таксама Інцінскі лягер. Ён цаніў у сваім сябру найперш тыя якасьці, якія зразумелыя кожнаму, хто аднойчы з усіх вартасьцяў выбраў для сябе радзіму й свабоду. Гаворыць Пётра Рашэтнік.

(Рашэтнік: ) “Ён быў добрасумленны чалавек. Не завэрбаваны. Стукачом ня быў”.

У нашым архіве захаваўся расповед Міколы Канаша, як яму яшчэ на Поўначы за добрую працу ў шахтах прапанавалі пуцёўку ў Карлавы Вары й ключы ад кватэры. Пры адной умове: у мясцовай газэце напісаць пакаяньне за погляды ў маладосьці. І вось што пачулі на гэта:

(Канаш:) “Не, і яшчэ раз не, адказаў я. Здраднікам радзімы не лічыў сябе ніколі”.

У 1973 годзе Канашы нарэшце змаглі вярнуцца ў Беларусь. З усіх гарадоў іх згадзіліся прыняць толькі ў Жлобіне. Іхная каапэратыўная кватэрка стала цэнтрам прыцягненьня моладзі. Прыгадвае спадарыня Соф’я:

(Канаш: ) “У арганізацыях ніякіх ня быў, але быў сябрам іхным. І да яго прыходзілі з усіх беларускіх нашых арганізацыяў, маладыя ўвесь час прыходзілі”.

У памяці маладзейшых жлобінцаў Мікола Канаш застанецца ўзорам сапраўднага беларуса. Слова разьвітаньня са старэйшым сябрам гаворыць Мікола Карташэвіч:

(Карташэвіч: ) “Ён быў сапраўдным патрыётам сваёй бацькаўшчыны і чалавекам, які ня марна пражыў сваё жыцьцё, таму што пасьля сябе пакінуў заўважны сьлед. Засталіся пасьля яго жыцьця людзі, якія будуць помніць пра яго і тыя ідэі, якія ён выношваў, таксама будуць праносіць праз сваё жыцьцё. Думаю, не адракуцца гэтага”.
XS
SM
MD
LG