Вядомы расьсьледніцкі праект падрабязна дасьледуе атачэньне нязьменнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ім знаходзяць усё больш сямейных сувязяў у бізнэсе і палітыцы, паказваючы, што вельмі часта розныя структуры і органы складаюцца не з выпадковых людзей, а са сваякоў і сяброў клану Лукашэнкаў.
«За кошт доступу да Лукашэнкі і ягонага атачэньня гэтыя людзі атрымліваюць пэўныя выгады для сябе і сваіх блізкіх. Гаворка ідзе ня толькі пра непасрэднае ўзбагачэньне, але і пра ўладу, уплыў, доступ да закрытых рэсурсаў, імунітэт ад адказнасьці, а таксама перавагі для сваякоў, бізнэс-партнэраў і пратэжэ», — патлумачылі аўтары праекту «Фаварыты» сваю ўвагу да пэўных асобаў.
Расьсьледнікі пачалі з публікацыі профіляў 20 набліжаных да Лукашэнкі чалавек, сярод якіх ягоныя сыны, сваякі, былая асабістая лекарка, трэнэр у хакеі, шэраг прадпрымальнікаў, а таксама былых чыноўнікаў і сілавікоў, якія ўзбагаціліся дзякуючы дзейнаму палітычнаму ладу ў краіне.
Профіль кожнага складаецца са зьвестак у разьдзелах «Сувязі», «Дзейныя актывы», «Гістарычныя актывы», «Бэнэфіты». У разьдзеле «Абмежаваньні» пазначаныя санкцыі і крымінальныя справы, зь якімі сутыкнуліся фаварыт ці фаварытка.
Гэтак, пад нумарам 3 у сьпісе — бізнэсовец і сэнатар Дзьмітры Баскаў, які з 2021 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Пра Баскава таксама зазначана, што асобна яго «абвінавачвалі ў магчымым дачыненьні да падзей, пасьля якіх у лістападзе 2020 году загінуў грамадзкі актывіст Раман Бандарэнка».
Паводле іншых зьвестак з базы «Фыварыты» былы хакеіст за апошнія гады значна ўзбагаціўся, ягоныя бізнэс-актывы складаюцца ўжо з 8 пазыцый. У прыватнасьці, зьвязаныя зь ім «дывелапэрскія структуры атрымалі доступ да запатрабаваных пляцовак у Менску», паведамляе «Бюро».
Таксама ў «Бюро» зазначылі, што база «Фаварыты» створаная для журналістаў, дыпляматаў, дасьледнікаў і ўсіх, хто цікавіцца тым, як уладкаваная сыстэма ў Беларусі. Расьсьледнікі абяцаюць рэгулярна папаўняць базу новымі зьвесткамі і асобамі.
Форум