Заява прагучала ў інтэрвію дзяржаўнаму беларускаму тэлебачаньню падчас саміту АДКБ ў Маскве.
Максім Рыжанкоў прызнаў, што ў апошнія гады Армэнія дэманструе пасіўны ўдзел у ЭАЭС і АДКБ, але выкарыстоўвае веды і перавагі ад удзелу ў гэтых аб'яднаньнях, у сваіх інтарэсах, у палітычных, эканамічных і бясьпекавых пытаньнях
«А ведаеце, атрымліваецца такая сытуацыя: я выберу ў вас тое, што мне цікава, нейкія цэны на газ, нафту, транспарціроўку сваіх тавараў да канчатковага спажыўца, астатняе нас не хвалюе», – сказаў Рыжанкоў тэлеканалу «Беларусь-1».
Кіраўнік беларускага МЗС заявіў, што такое стаўленьне Армэніі не магло не застацца незаўважаным, і АДКБ зрабіла крокі ў адказ: прыпыніла накіраваньне квотных супрацоўнікаў, удзел Армэніі ў рашэньнях.
Пры гэтым кіраўнік беларускага МЗС выступіў за тое, каб абмежаваць і доступ Армэніі да закрытых дакумэнтаў АДКБ:
«Навошта нам такому псэўдахаўрусьніку па такіх пытаньнях сёньня, увогуле, даваць поўны доступ да дакумэнтацыі, якая носіць досыць закрыты характар».
Рыжанкоў дапусьціў выкарыстаньне Армэніяй такой інфармацыі не на карысьць інтарэсам іншых краін АДКБ. Ён адзначыў, што размова можа ісьці і аб гіпатэтычных рэчах, калі такі доступ мог бы быць выкарыстаны не зусім на карысць інтарэсам тых краін, якія маюць намер далей разьвіваць інтэграцыйнае гэтае абʼяднаньне.
Армянскае пытаньне ў АДКБ
11 лістапада ў Маскве вырашалася пытаньне далейшых дзеяньняў адносна Армэніі. Краіна пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна перастала плаціць сяброўскія складкі ў арганізацыі і паўнаварстасна ўдзельнічаць у працы арганізацыі. Пашыньян раней выказваў намер замарозіць удзел сваёй краіны ў АДКБ.
Пасьля словаў пра магчымую замарозку сяброўства ў АДКБ, армянскі ўрад, аднак, не рабіў іншых крокаў і ня выйшаў з арганізацыі.
На саміце ў Маскве іншыя краіны АДКБ прагаласавалі за пазбаўленьне афіцыйнага Ерэвану права голасу ў арганізацыі. Армэнія зможа вярнуць свае правы толькі ў выпадку поўнай выплаты прапушчаных складак.