13 лістапада ў віленскай прасторы Kropka псыхалягіня Вольга Вялічка плянавала правесьці прэзэнтацыю саёй новай кнігі пра жонак палітвязьняў. Аднак сёньня стала вядома, што пляцоўка адмаўляе арганізатарцы імпрэзы. Усяго за два дні да падзеі.
Прычынай стала тое, што на прэзэнтацыю, якую мае весьці журналітка Настасься Занько, запрасілі выступаць публіцыста, былога палітвязьня Міколу Дзядка.
Кніга «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязьняў» пабачыла сьвет у выдавецтве Gutenberg.
Суразмоўцамі Вольгі Вялічкі сталі жанчыны, чые мужы трапілі за краты за свае перакананьні. Некаторыя з гераіняў выступаюць у кнізе пад уласным імем, як Сьвятлана Ціханоўская, Алеся Рак і Вольга Івашына, іншыя ж схаваныя за псэўданімамі.
Прэзэнтаваць кнігу ў «Кропцы» не атрымаецца. Кіраўнік крамы і культурніцкай прасторы Зьміцер Фурманаў адмовіў у правядзеньні вечарыны. Гэтае рашэньне стала вынікам адкрытага ліста супольнасьці фэміністак з пратэстам супраць удзелу Міколы Дзядка ў прэзэнтацыі. Сярод 25 падпісантаў, якія ёсьць на момант публікацыі, — блогерка Вольга Новік, Вольга Шпарага з «Фэмгрупы Беларусь», былая палітзьняволеная Алана Гебрэмарыям, журналісткі Дар’я Гардзейчык, Алёна Дубовік і іншыя асобы, шэраг выступае пад псэўданімамі.
«Мы ведаем, што прастору „Кропка“ не папярэдзілі пра склад удзельнікаў, і цэнім, што яе каманда адкрытая да размовы. Але кожная пляцоўка, мадэратарка і арганізатарка, якія даюць чалавеку слова, узмацняюць ягоны статус і мэдыйны капітал — і адначасова пашыраюць разрыў з пацярпелай, у якой такога доступу няма. Кніга „Нябачныя“ мае на мэце зрабіць чутнымі жанчын, чые галасы губляюцца ў ценю мужчын-палітвязьняў. Але ў дыскусіі пра гэтых жанчын з чатырох удзельнікаў двое — мужчыны, і адзін зь іх — Мікола Дзядок», — тлумачаць у лісьце.
Ліст — водгульле леташняга скандалу, дэталі якога публікаваліся некалькімі старонкамі і СМІ. Яна Стасяловіч у лютым 2025 году публічна расказала пра стасункі зь Міколам Дзядком, якія пачаліся, калі ёй было 16 гадоў, а яму 29. Яна апісала ціск, кантроль, пагрозы, сэксуалізаваны і рэпрадуктыўны прымус. Дзядок пазьней сказаў, што Яну маглі выкарыстоўваць спэцслужбы Беларусі дзеля ягонай дыскрэдытацыі.
Аўтаркі ліста мяркуюць, што тэматыка кнігі не адпавядае запрошанаму госьцю.
«Гісторыя Яны — менавіта пра гэта: статус палітвязьня зрабіў нябачным голас дзяўчыны, якая пацярпела ад яго. Яе аповед гадамі не заўважалі, а пасьля яго вызваленьня мэдыя давалі слова пераважна яму. Даць Дзядку слова на прэзэнтацыі кнігі пра нябачных жанчын — значыць паўтарыць той самы мэханізм, супраць якога гэтая кніга скіраваная».
Хто такая Яна Стасяловіч?
Яна Стасяловіч — блогерка, якая стала вядомай расказамі пра сваё змаганьне з нарказалежнасьцю. У 2017-м яе моцна зьбілі сілавікі, у дзяўчыны моцна пагоршылася здароўе. У 2022-м яна выехала ў Польшчу, разьвялася з мужам, жыла на вуліцы ў Гданьску, і тады паспрабавала наркотыкі. Пазьней яна прасіла грошы праз фонд BySol на тэрапію.
Якраз у час псыхатэрапіі, як пісала Стасяловіч, яна пераасэнсавала досьвед былых стасункаў зь Дзядком і заявіла, што цяпер успрымае тое, што адбылося, як «пэдафілію» з боку блогера. На той момант Дзядок быў у зьняволеньні і ня мог адказаць Стасяловіч. Па вызваленьні ён быў нешматслоўным, адзначыў толькі, што не зьбіраецца публічна абмяркоўваць свае стасункі з чалавекам, якога калісьці кахаў.
Што будзе з прэзэнтацыяй?
Прэзэнтацыя ў Вільні ўсё ж адбудзецца, і на ёй Мікола Дзядок выступіць. Аднак праз адмову «Кропкі» сустрэчу правядуць у цэнтры беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на вуліцы Бакшта, 4 (Bokšto g. 4).
«Фэмінізм даўно адна з маіх каштоўнасьцяў. Але я не разумею, якім чынам адсутнасьць дыялёгу і выключэньне людзей спрыяюць таму, каб ураўнаважваліся правы жанчын і мужчын. Мне далёкая ідэя апублікаваць ліст перад тым, як зьвярнуцца наўпрост да мяне, я гэтага не разумею. І мне няясна, чаму гэта называецца фэмінізмам», — гэтак Вялічка скамэнтавала адкрыты ліст фэм-супольнасьці і заклікі да «Кропкі» скасаваць прэзэнтацыю.
Форум