У Латвіі зноў затрымалі нелегальнага перавозьніка мігрантаў зь беларускай мяжы

Латвійскі бок мяжы зь Беларусьсю
Латвійскі бок мяжы зь Беларусьсю

Група асобаў незаконна перасекла дзяржаўную мяжу Латвіі. Напружаньне на беларускіх межах з краінамі Эўразьвязу ня зьнікла.

У аўторак, 10 лістапада, у Лудзенскім краі памежнікі Латвіі затрымалі мужчыну, які перавозіў асобаў, якія незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу.

Аўтамабілем маркі Škoda кіраваў грамадзянін Беларусі. У час агляду транспартнага сродку ў салёне і багажніку знайшлі сем чалавек, якія ня мелі дзейных візаў ці відаў на жыхарства і раней незаконна перасеклі мяжу.

У дачыненьні перавозьніка распачалі крымінальны працэс паводле часткі 3.1 артыкулу 285 Крымінальнага кодэксу — «за незаконную перавозку асоб празь дзяржаўную мяжу, учыненую ў пэрыяд узмоцненага рэжыму аховы мяжы або ў пэрыяд надзвычайнага становішча, абвешчанага ў сувязі з пагрозай недатыкальнасьці дзяржаўнай мяжы». орма закону прымяняецца незалежна ад таго, у якім месцы на тэрыторыі Латвіі ўчынілі правапарушэньне.

Сем асобаў не дапушчаныя на тэрыторыю Латвіі.

Дзеля бясьпекі ўсходняй мяжы Латвіі 11 жніўня ўлады гэтай дзяржавы пачалі апэрацыю «Vilkatis». Гэта адказ Латвіі на гібрыдную пагрозу — інструмэнталізацыю незаконнай міграцыі з боку Беларусі. Мэта апэрацыі — істотна скараціць колькасьць выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы ўва ўсходняй частцы Латвіі і прадухіліць падобныя здарэньні ў будучыні.

Сёлета Дзяржаўная памежная ахова Латвіі распачала 179 крымінальных працэсаў (82 зь якіх былі вылучаныя з раней заведзеных спраў) у дачыненьні 121 асобы за незаконную перавозку людзей і/або спрыяньне іх незаконнаму знаходжаньню ў Латвіі.

Што за гэта пагражае?

Такія дзеяньні караюцца суворымі тэрмінамі пазбаўленьня волі; напрыклад, у адным выпадку вінаваты быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня, а ў іншым — на 6 гадоў і адзін месяц. Дзяржаўная памежная служба заклікае грамадзян устрымлівацца ад удзелу ў якой-колечы злачыннай дзейнасьці, зьвязанай з арганізацыяй або ажыцьцяўленьнем далейшага перамяшчэньня (у тым ліку транспартам) па тэрыторыі ЭЗ асобаў, якія незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу.

На мінулым тыдні ў Латвіі ўступілі ў сілу папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць крымінальную адказнасьць за арганізацыю незаконнай міграцыі і іншыя правапарушэньні, зьвязаныя зь незаконным перамяшчэньнем і знаходжаньнем людзей.

Пакараньні, прадугледжаныя адпаведнымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу, уключаюць пазбаўленьне волі на тэрмін да 12 гадоў за незаконнае перамяшчэньне асоб празь дзяржаўную мяжу, а таксама за арганізацыю і ажыцьцяўленьне іншай злачыннай дзейнасьці, зьвязанай зь незаконнай міграцыяй у Латвійскую Рэспубліку.

Гэтыя пакараньні могуць прызначацца як з канфіскацыяй маёмасьці, так і безь яе, а таксама могуць прадугледжваць рэжым нагляду на тэрмін да 3 гадоў.

Папярэдні выпадак

У Латвіі ў канцы кастрычніка ўжо затрымлівалі чалавека, які парушыў закон, перавозячы нелегальных мігрантаў празь мяжу. Гэта адбылося 25 кастрычніка ў Валміерскім рэгіёне.

І тым разам парушальнікам закону быў грамадзянін Беларусі. Ён на машыне перавозіў чатырох чалавек, якія раней перасеклі ў незаконным месцы беларуска-латвійскую мяжу.

Затрыманы латыскімі памежнікамі беларус ня меў ані дазволу на жыхарства, ані візы, таму будзе адказваць у судзе і за ўласнае парушэньне міграцыйнага заканадаўства.

​
XS
SM
MD
LG