З кім сустракалася дэлегацыя
Завяршаецца візыт у Беларусь нямецкіх палітыкаў і актывістаў крайне правых і крайне левых поглядаў. Сярод иншага яны сустрэліся з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сякрэтам, старшынём Менскага гарадзкога савету Арцёмам Цуранам. Дэлегацыя заяўляла, што найперш жадае аднавіць партнэрскія адносіны паміж гарадамі Беларусі і Нямеччыны.
Арганізатар гэтай паездкі, палітык зь левапапулісцкага «Зьвязу за сацыяльную справядлівасьць і здаровы сэнс у эканоміцы» (раней BSW, «Зьвяз Сары Вагенкнэхт»), дэпутат ляндтагу фэдэральнай зямлі Брандэнбург Свэн Горнаўф з Франкфурту-на-Одэры, разам зь ім у Беларусі знаходзіўся Гайка Козел, нямецка-лужыцкі палітык зь Левай партыі (былыя камуністы), экс-дэпутат зямельнага парлямэнту Саксоніі.
Паводле тэлеканалу СТВ, Арцём Цуран, старшыня Менскага гарадзкога савету, заявіў на сустрэчы:
«Вельмі прыемна ўсьведамляць, што ў Нямеччыне, у тым ліку і ў Заходняй Нямеччыне, ёсьць прадстаўнікі сілаў, якія жадаюць аднавіць тыя сувязі, якія былі выпрацаваныя цягам гадоў. Яны разумеюць, што інфармацыйныя плыні, якія пераважаюць у іхнай краіне, выяўляюць нашу краіну толькі ў нэгатыўным ключы, і таму людзі хочуць сваёй прысутнасьцю гэта зьмяніць».
Дэпутат ляндтагу (зямельнага парлямэнту) Брандэнбургу Свэн Горнаўф заявіў у адказ, што ў Менску чыста, а людзі ў ім дружалюбныя.
9 лістапада палітыкі зь нямецкай зямлі Брандэнбург сустрэліся з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Ігарам Сякрэтам. Сякрэта пры гэтым заявіў, што «Беларусь хацела б мець нармальныя адносіны зь Нямеччынай»:
«Нармалізацыя патрэбная, але не за ўсякую цану, у тым ліку коштам адносінаў з нашымі найбліжэйшымі хаўрусьнікамі і партнэрамі, перш за ўсё з Расеяй і Кітаем, або коштам стварэньня пагрозаў нашай унутранай стабільнасьці».
Сякрэта рэзка раскрытыкаваў палітыку нямецкага ўраду, у тым ліку санкцыі, заявіўшы, што апошнімі гадамі афіцыйны Бэрлін нібыта «зрабіў шмат, каб зьнішчыць рэпутацыю Нямеччыны ў Беларусі, і аднавіць давер будзе вельмі няпроста».
Раней Свэн Горнаўф казаў аб плянах аднавіць супрацу нямецкіх гарадоў зь іхнымі гарадамі-пабрацімамі зь Беларусі і Расеі, каб «падаць сыгнал на карысьць узаемаразуменьня паміж народамі». Палітык таксама плянуе візыт у Расею ў красавіку 2027 году.
У 2022 годзе пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, шмат нямецкіх гарадоў заявілі аб спыненьні пабрацімскіх кантактаў зь беларускімі і расейскімі гарадамі.
Хто кіруе дэлегацыяй з Брандэнбургу
Нямецкі журналіст і аўтар Інга Пэц пракамэнтаваў для Радыё Свабода гэты візыт і ахарактарызаваў яго ўдзельнікаў.
Інга Пэц сярод іншага згадаў, што Свэн Горнаўф ёсьць дэпутатам зямельнага парлямэнту Брандэнбургу з 2024 году — ад партыі «Зьвяз Сары Вагенкнэхт» (BSW), якая цяпер называе сябе «Альянсам за сацыяльную справядлівасьць і здаровы сэнс у эканоміцы». Вагенкнэхт заснавала партыю свайго імя ў 2024 годзе, і з самага пачатку BSW крытыкуе фэдэральны ўрад Нямеччыны за падтрымку Ўкраіны, патрабуе спыніць вайсковую дапамогу і фінансаваньне Ўкраіны і аднавіць «старыя добрыя» адносіны з Расеяй, у тым ліку імпарт таннага расейскага газу.
Горнаўф, юрыст адміністрацыйнага права, пачынаючы з 1993 году, шмат гадоў быў дэпутатам у гарадзкой радзе Франкфурту-на-Одэры ад Партыі дэмакратычнага сацыялізму, спадкаемцы Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі — кіроўнай партыі ў камуністычнай ГДР.
Горад Франкфурт-на-Одэры на нямецка-польскай мяжы падтрымліваў партнэрскія адносіны з Віцебскам яшчэ ў эпоху ГДР. У 2022 годзе гарадзкая рада прыпыніла партнэрства ў знак пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ўдзелу ў ёй рэжыму Лукашэнкі. У 2020 годзе горад публічна выказаў салідарнасьць з масавымі пратэстамі ў Беларусі.
Каго ўзялі ў паездку ў Беларусь
У Франкфурце-на-Одэры дзейнічала ініцыятыва Arbeitskreis Witebsk, у якой удзельнічалі мясцовыя грамадзкія арганізацыі, што мелі кантакты зь Беларусьсю. Яе праца таксама была спыненая. Паводле Горнаўфа, у цяперашняй паездцы ў Беларусь удзельнічаюць шмат жыхароў Франкфурту-на-Одэры.
Інга Пэц мяркуе, што сярод іх ёсьць былыя актывісты гэтай арганізацыі: на фатаздымках сустрэчы з дэлегацыяй, апублікаваных Міністэрствам замежных справаў Беларусі, відаць шмат пажылых людзей.
Іншыя ўдзельнікі паходзяць з гарадоў зямлі Брандэнбург, якія даўно падтрымлівалі кантакты з гарадамі і мястэчкамі Беларусі.
Ініцыятар гэтай паездкі Горнаўф абвясьціў пра такую ж паездку ў Расею, плянаваную на красавіку 2027 году. Ён адкрыта наведвае расейскае пасольства ў Бэрліне.
«Падтрымка людзкіх кантактаў»
У дзяржаўных СМІ Беларусі, такіх як «СБ — Беларусь сегодня», Горнаўф апраўдаў сваю паездку наступнымі словамі: «Важна выкарыстаць кожную магчымасьць для аднаўленьня адносін і міжнародных і міжлюдзкіх кантактаў».
«Падтрымка людзкіх кантактаў — пахвальная мэта ў гэтыя цяжкія часы. Але ў выпадку з Горнауфам можна выказаць здагадку, што ён таксама выкарыстоўвае паездку, каб дыскрэдытаваць палітыку нямецкага ўраду і гэтым падтрымаць тых у Нямеччыне, хто прыняў лёзунг „Расея, ура!“ і хоча адмовіцца ад падтрымкі Ўкраіны. Натуральна, Горнаўф не выказваўся пра сотні палітычных зьняволеных у Беларусі і пакуты людзей, выкліканыя рэпрэсіямі, як у краіне, так і ў выгнаньні» — мяркуе Інга Пэц.
Інга Пэц прызнае, што можна было б апраўдаць наіўнасьць Горнаўфа і яго няздольнасьць зразумець, наколькі дыктатура Лукашэнкі выкарыстоўвае такія паездкі ў сваіх прапагандысцкіх мэтах.
«Сапраўды, трывожна, што нямала людзей у Нямеччыне дэманструюць неадукаванасьць і нежаданьне разумець функцыянаваньне дыктатураў Пуціна і Лукашэнкі. Аднак ёсьць асьцярогі, што насамрэч у паездцы ўсё гэта ўлічана, а магчыма, нават жадана, каб яшчэ больш узмацніць эрозію нямецкага дэмакратычнага дыскурсу адносна Ўкраіны і Расеі. Больш за тое, гэта шкодзіць дэмакратычнай культуры і самому парадку, заснаванаму на правілах».
Інга Пэц мяркуе, што гэтую дэлегацыю не хвалюе барацьба Беларусі супраць расейскай залежнасьці і за ўласны сувэрэнітэт, або яе дэмакратычная будучыня ў эўрапейскай сям’і. Пра гэта сьведчыць сам падбор удзельнікаў дэлегацыі, кажа Інга Пэц:
«Напрыклад, Готфрыд Шпіт, вядомы ў Нямеччыне як „пастар АдГ“, уваходзіць у гарадзкую раду Франкфурту-на-Одэры ад партыі, якую Фэдэральнае ведамства аховы Канстытуцыі клясыфікуе як праваэкстрэмісцкую. Шпіт жанаты з расейкай. Паводле дасьледаваньня штотыднёвай газеты Die Zeit, „ён можа доўга гаварыць пра расейскую нацыянальную псыхалёгію. Расейская дзяржава, кажа ён, вядзе вайну, бо ня хоча над сабой апекі Захаду“.
Прычына паездкі Шпіта ў Беларусь, калі ён цікавіцца Расеяй, відавочная: як і Горнаўф і яго паплечнікі, Шпіт, выглядае, клапоціцца толькі пра расейскую Беларусь. Пытаньні нацыянальнага самавызначэньня і прыгнёт дыктатуры, відавочна, тут не адыгрываюць ніякай ролі»,— мяркуе Інга Пэц.
Нямецкія рэакцыі на паездку
Інга Пэц зазначае, што паездку Горнаўфа ў Беларусь падтрымала партыйная арганізацыя BSW зямлі Брандэнбург. У яе прэс-рэлізе ад 6 лістапада гаворыцца, што старшыня парлямэнцкай групы BSW ў ляндтагу Нільс-Оляф Людэрс вітаў гэтую ініцыятыву. Ён назваў «ізаляцыянісцкую палітыку і разрыў папярэдніх кантактаў» памылкай. А Гунар Леман, прадстаўнік парлямэнцкай групы ў эўрапейскай палітыцы, заявіў, што яны хочуць аднавіць адносіны зь Беларусьсю і Расеяй.
«Разам з тым Горнаўф сутыкнуўся з рэзкай крытыкай з боку іншых палітыкаў, чый маральны компас, на шчасьце, ня быў зьбіты»,— кажа Інга Пэц.
У прыватнасьці, Кнут Абрагам, дэпутат Бундэстагу ад Брандэнбургу (ХДЗ), выкарыстаў рэзкія словы крытыкі, паводле Märkische Oderzeitung (MOZ):
«Кожны, хто едзе ў Беларусь, у царства дыктатара Лукашэнкі, нягледзячы на выразнае папярэджаньне Міністэрства замежных справаў наконт такіх паездак, або небясьпечна наіўны, або наўмысна супрацоўнічае з жорсткім рэжымам. Пакуль сотні палітычных зьняволеных несправядліва знаходзяцца ў турме, а Менск застаецца верным Пуціну ў вайне супраць Украіны, падтрыманьне партнэрства гарадоў недарэчнае».
Інга Пэц працуе зь Беларусьсю як журналіст і аўтар ужо амаль 30 гадоў. З 2020 году ён узначальвае праект «Беларусь» і зьяўляецца партнэрам некамэрцыйнай медыяплятформы dekoder.org. У сакавіку 2025 году выйшла яго кніга «Rasender Stillstand. Belarus — eine Revolution und ihre Folgen» (Імклівы застой. Беларусь — рэвалюцыя і яе наступствы).