11 лістапада 2020 году Раман Бандарэнка на «плошчы Перамен» (у двары на скрыжаваньні вуліц Чарвякова і Кахоўскай) быў выкрадзены і пабіты невядомымі людзьмі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Рамана прывезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.
Дзень у гісторыі
1673 — у бітве пад Хоцінам войска Рэчы Паспалітай пад камандаваньнем гетмана Яна Сабескага здабыло перамогу над арміяй Асманскай імпэрыі. У бітве ўдзельнічала і войска Вялікага Княства Літоўскага.
1918 — Польшча аднавіла незалежнасьць пасьля 123 гадоў знаходжаньня пад Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Гэта стала магчымым дзякуючы паразе Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны ў Першай сусьветнай вайне і распаду Расейскай імпэрыі. У гэты дзень Юзаф Пілсудзкі, які вярнуўся зь нямецкага зьняволеньня, узначаліў польскае войска. Сёньня ў Польшчы — Нацыянальнае сьвята незалежнасьці.
1918 — скончылася Першая сусьветная вайна. У лесе каля францускага гораду Камп’ень прадстаўнікі Нямеччыны і дзяржаў Антанты падпісалі перамір’е. Канчатковыя ўмовы міру былі замацаваныя Вэрсальскай дамовай 28 чэрвеня 1919 году.
1975 — Ангола абвясьціла незалежнасьць ад Партугаліі пасьля амаль пяці стагодзьдзяў каляніяльнага панаваньня. Аднак паміж трыма галоўнымі вызвольнымі рухамі разгарнулася грамадзянская вайна, якая доўжылася 37 гадоў.
1920 — у Коўне ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і Літвы падпісалі дамову аб палітычным і вайсковым супрацоўніцтве. Літва афіцыйна прызнала ўрад БНР. Беларускі ўрад, у сваю чаргу, пагадзіўся падтрымаць Літву ў барацьбе за Віленшчыну, занятую польскімі войскамі генэрала Люцыяна Жалігоўскага.
1947 — у Полацку пачаўся судовы працэс над удзельнікамі Саюзу беларускіх патрыётаў, падпольнай моладзевай арганізацыі, якая выступала за абарону беларускай мовы, культуры і незалежнасьць краіны.
1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя зносіны з Ватыканам.
1999 — з Аршанскай калёніі выйшаў на свабоду двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў.
2022 — вызваленьне Херсона ўкраінскімі войскамі падчас вайны Расеі з Украінай.
2022 — судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна з калёніі на паўтара году турэмнага рэжыму. Палітвязьня кінулі ў горадзенскую турму. Там уначы на 11 ліпеня 2023 году яму стала блага. Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі горадзенскага шпіталя. Паводле зьвестак праваабаронцаў, прычынай стала нясвоечасовае аказаньне мэдычнай дапамогі турэмнікамі.
У гэты дзень нарадзіліся
1714 — Марцін Матушэвіч, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, пісьменьнік, аўтар «Дыярыюша майго жыцьця».
1821 — Фёдар Дастаеўскі, расейскі пісьменьнік, продкі якога паходзяць зь Беларусі.
1875 — Альбэрт Паўловіч, паэт-гумарыст, драматург.
1903 — Аляксандар Ільінскі, беларускі актор, народны артыст БССР і СССР.
1909 — Георгі Заборскі, беларускі архітэктар. Адзін з аўтараў манумэнта Перамогі ў Менску, архітэктар дамоў на вуліцы Леніна, будынкаў Пэдагагічнага ўнівэрсытэту, аэравакзалу «Менск-1», кінатэатру «Піянэр», Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, Тэатру лялек і шмат якіх іншых. За забудову Вярцялішак на Горадзеншчыне атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
1922 — Курт Вонэгут, амэрыканскі пісьменьнік.
1925 — Алена Чабярук, беларуская мовазнаўца, дасьледніца беларускіх гаворак і беларуска-балцкіх моўных кантактаў. Ляўрэатка Дзяржаўных прэміяў СССР і Беларусі.
1929 — Леанід Сушчэня, беларускі вучоны заоляг і біёляг, прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі ў 1992–1997 гадах.
1955 —Галіна Тычка, літаратуразнаўца, прафэсарка.
У памяці
1855 — Сёрэн К’еркегор, дацкі філёзаф і тэоляг, родапачынальнік экзыстэнцыялізму.
1975 — Пётра Савачкін, беларускі гісторык.
1997 — Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак-манумэнталіст, народны мастак Беларусі. Ён стварыў мазаічныя пано на фасадах дамоў у менскім мікрараёне Ўсход, а таксама знакаміты «Габэлен стагодзьдзя» плошчай 266 квадратных мэтраў. Гэтае палатно, над якім працавалі майстры Барысаўскага камбінату дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, было ўнесенае ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адзін з найбуйнейшых габэленаў у сьвеце.
1999 — Ангеліна Бароўка, дзяячка беларускага супраціву, нявольніца ГУЛАГу.
2004 — Ясір Арафат, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі.