З наступнага тыдня збожжа, якое ідзе транзытам з Беларусі і Расеі праз Клайпедскі порт, ня будзе праходзіць мытнае афармленьне да атрыманьня вынікаў праверкі яго паходжаньня, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы.
Праверкі зьвязаныя з падазрэньнямі, што збожжа, якое паступае з гэтых краін, насамрэч можа быць вырашчанае на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны. Калі дасьледаваньні пакажуць, што фактычная краіна паходжаньня збожжа не супадае з заяўленай, груз давядзецца вярнуць або зьнішчыць. Выдаткі на захоўваньне, праверку, вяртаньне або зьнішчэньне ўскладуць на экспарцёраў.
Літва даўно заклікае абмежаваць экспарт расейскага збожжа праз парты краін Балтыі на фоне таго, што Расея нішчыць украінскую інфраструктуру экспарту збожжавых на Чорным моры.
«Гэта непрымальная сытуацыя, якую дагэтуль цярпелі, тлумачачы гэта тым, што на харчовыя тавары санкцыі Эўрапейскага Зьвязу не распаўсюджваюцца», — напісаў прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус у сацыяльнай сетцы Facebook.
Прэм’ер-міністар заявіў, што апошнім часам Расея ўзмацняе абстрэлы ўкраінскіх партовых тэрміналаў, празь якія экспартуецца збожжа, а таксама караблёў, якія перавозяць яго. З ягоных слоў, такім чынам Расея імкнецца перашкодзіць Украіне экспартаваць збожжа і нанесьці краіне эканамічную шкоду. Разам з тым, Расея масава вывозіць зерне з акупаваных тэрыторый Украіны і прадае яго яго на сусьветных рынках, а для экспарту сваёй прадукцыі выкарыстоўвае парты краін Эўропы, уключаючы Балтыю, — заявіў прэм’ер Літвы, якога цытуе Delfi.
Паводле ягоных словаў, краіны Балтыі прымуць захады для спыненьня гэтага транзыту. Літоўскі прэм’ер таксама прапанаваў уключыць у санкцыйныя сьпісы прадстаўнікоў расейскага аграсэктару.
«Мы не дазволім расейскай вайсковай машыне атрымліваць прыбытак, выкарыстоўваючы нашу інфраструктуру як браму на сусьветныя рынкі», —заявіў прэмʼер-міністар Літвы.
За першыя восем месяцаў гэтага года Клайпэдскі марскі порт пераваліў 47 000 тон збожжа расейскага паходжаньня, пераважна кукурузы, дастаўленай па чыгунцы з Калінінградзкай вобласьці, паведамляе Delfi.
Форум