«Я папярэджваў яшчэ ў верасьні: ня варта плянаваць перавозку расейскага збожжа праз Эстонію. Сёньня гэтае папярэджаньне стала законам. Разам з Латвіяй і Літвой мы працуем над тым, каб парты краін Балтыі ня сталі транзытным маршрутам для Расеі», — напісаў Маргус Цахкна на сваёй старонцы на плятформе Х.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эстоніі адзначыў, што Расея наносіць удары па ўкраінскіх партах і блякуе экспарт украінскага збожжа, а потым шукае новыя маршруты для ўласнага збожжа.
«Эстонія такога маршруту не надасьць. Расея ня можа весьці агрэсіўную вайну і разьлічваць, што мы дапаможам ёй падтрымліваць гандаль. Мы ня будзем дапамагаць фінансаваць яе вайну ці палягчаць працяг агрэсіі», — заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Не дапусьціць экспарт Расеяй скрадзенага ва Украіне збожжа — гэта патрабаваньне Украіны. Захопнікі не павінны атрымліваць эканамічную выгаду ад акупацыі ўкраінскіх земляў.
Гіпатэтычна такое збожжа можа знаходзіцца ў складзе расейскага збожжавага экспарту, які праходзіць цераз парты Літвы і Латвіі. Экспарт уласна расейскага збожжа пад санкцыямі не знаходзіцца. Праз тое, што расейскі экспарт цераз Чорнае мора фактычна спынены далёкабойнымі ўкраінскімі ўдарамі, расьце нагрузка на расейскія парты на Балтыцы, залучаныя таксама і парты балтыйскіх краін. Як паведамляла расейскае выданьне «Взгляд», праз парты краін Балтыі, паводле ацэнак Расейскага збожжавага саюзу, сёлета можа быць экспартавана да 10 млн. тон збожжа. Беларусь таксама можа выкарыстоўвацца Расеяй як транзытная краіна.
Сёлета ў верасьні Літва ініцыявала праверкі паходжаньня ўсяго транзытнага збожжа з Расеі і Беларусі, у Латвіі такія праверкі ўвялі раней.
Заканадаўства Эўрапейскага Зьвязу забараняе ўвозіць у Эўразьвяз усе тавары, якія паходзяць з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў — з Крыму, Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.
Форум