Аўтары старонкі абвінавачваюць Тараса Тарналіцкага (Тараса Круцкіх) ўва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны, перашкодах дзейнасьці ўкраінскаму войску і ў тым, што ён нібыта асэнсавана спрабаваў падарваць абароназдольнасьць Украіны дзеля ўласнай фінансавай выгады, піша БАЖ.
Беларуса дадалі ў сьпіс «Міратворца» за гутарку зь Віталём Крыкрывенкам — украінцам, які летам 2026 году перайшоў украінска-беларускую мяжу, каб ня трапіць пад мабілізацыю ўва ўкраінскае войска. Разам зь ім Украіну пакінулі яшчэ двое чалавек. Пазьней Крыкрывенка патрапіў у Эўразьвяз.
Тарналіцкі зрабіў з украінцам гутарку, у якой спытаў яго пра камунікацыю зь беларускімі сілавікамі і стаўленьне да ўладаў Беларусі, небясьпеку для ўкраінцаў у Беларусі і тое, наколькі ўкраінска-беларуская мяжа зручная для тых, хто ўцякае ад мабілізацыі на радзіме.
Аўтары «Міратворцу» зьвярнулі ўвагу на апошняе пытаньне і на тое, што «Эўрарадыё», зь якім супрацоўнічае Тарналіцкі, вынесла ў загаловак артыкулу ідэю пра меркаваную прывабнасьць той мяжы для «ўхілянтаў», як называюць такіх людзей ўва Ўкраіне.
Стваральнікі «Міратворцу» лічаць, што праз такую падачу артыкул папулярызуе маршрут уцёкаў з Украіны празь Беларусь. Таксама аўтары сьпісу пішуць, што ў артыкуле няма крытычнай прававой ацэнкі ўцёкаў Крыкрывенкі — на іх думку, гэта таксама папулярызуе ідэю ўцёкаў ад мабілізацыі.
Заява «Эўрарадыё»
Рэдакцыя «Эўрарадыё» мяркуе, што даданьне Тарналіцкага ў базу нічым не абгрунтаванае. Выданьне выпусьціла асобнае паведамленьне ў абарону свайго супрацоўніка.
«Журналіста „Эўрарадыё“ Тараса Тарналіцкага дадалі ўва ўкраінскую базу „Міратворац“. Але падставаў для гэтага няма, мы будзем гэта абскарджваць і даб’емся посьпеху», — напісала рэдакцыя.
Папярэдні выпадак
Тарас Тарналіцкі — ня першы журналіст «Эўрарадыё», які трапіў у базу «Міратворцу». У чэрвені туды запісалі імя Яўгена Казарцава, кіраўніка рэдакцыі, які з 2015 па 2020 гады працаваў на расейскім дзяржаўным рэсурсе «Спутник».
Казарцаву празь ягоную працу на «Спутнику» закідалі «ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюд расейскай прапаганды і маніпуляваньне грамадзка значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля.
Але пазьней зьвесткі пра Казарцава на «Міратворцы» выдалілі. Гэта адбылося яшчэ ў ліпені. Стваральнікі праекту патлумачылі, што журналіст трапіў туды памылкова.
Тарас Тарналіцкі найбольш вядомы як кінакрытык. Ён на пастаяннай аснове супрацоўнічае з «Эўрарадыё» і Budzma.org, але пісаў і для дзясяткаў іншых мэдыя — у тым ліку і для таго ж «Спутника».
Сваё зьяўленьне ў базе «Міратворцу» Тарналіцкі пазьней пракамэнтаваў. Ён заявіў, што мае выразную праўкраінскую пазыцыю і ведае, хто дада яго ў базу.
Форум