Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвійскі палітык, які ўцёк у Беларусь ад крымінальнай адказнасьці, пачаў прадаваць сваю маёмасьць у Рызе

Аляксей Росьлікаў, архіўнае фота
Аляксей Росьлікаў, архіўнае фота

Лідэр партыі «Стабільнасьці!» Аляксей Росьлікаў, якога абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай і этнічнай нянавісьці і які ўцёк у Беларусь, пачаў пазбаўляцца маёмасьці ў Рызе.

Як паведаміла латвійскае выданьне lsm.lv з спасылкай на TV3 Nekā personīga, на партале аб’яў разьмешчана прапанова аб продажы зарэгістраванай на імя Росьлікава нерухомасьці ў Рызе. Як паведамілі суседзі, у тым блёку ўжо даўно ніхто не жыве.

У аб’яве прапануюць частку двухпавярховага будынку плошчай амаль 200 квадратных мэтраў з камінам, убудаванай кухоннай тэхнікай, падагрэвам падлогі, дзьвюма тэрасамі і невялікім зямельным надзелам. Будынак прадаецца цалкам мэбліраваным за 280 тысяч эўра.

Згодна з Зямельнай кнігай, Росьлікаў тры гады таму набыў гэтую нерухомасьць за 107 тысяч эўра. Праз тры месяцы сябра яго партыі Сьвятлана Чулкова, як сьцьвярджаюць, набыла па суседзтву падобную нерухомасьць за істотна большыя грошы.

Партыя «Стабільнасьці!» на выбарах у парлямэнт, што праходзілі сёлета 3 кастрычніка, атрымала толькі 1,997% галасоў выбарнікаў і такім чынам не змагла пераадолець 5-адсоткавы бар’ер і пазбавілася дзяржаўнага фінансаваньня.

Старшыня праўленьня партыі Сьвятлана Чулкова паведаміла агенцтву LETA, што Росьлікаў цяпер не плянуе вяртацца зь Беларусі ў Латвію, аднак ня мае намеру спыняць сваю палітычную дзейнасьць.

Сёлета вясной Рыская дума анулявала паўнамоцтвы Росьлікава як дэпутата самакіраваньня, паколькі цягам трох месяцаў ён прапусьціў больш за палову пасяджэньняў.

Росьлікава абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай і этнічнай нянавісьці. Сам ён перакананы, што справа супраць яго — палітычны заказ. Суд арыштаваў яго завочна і абвясьціў у вышук.

Хто такі Росьлікаў

Карʼера Росьлікава пачалася ў партыі «Згода», якую ўзначальваў былы мэр Рыгі, цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Ніл Ушакоў. У 2019 годзе Росьлікава выключылі з «Згоды» — за парушэньне партыйнай дысцыпліны. Пасьля гэтага ён заснаваў уласную партыю «Стабільнасьці!» і быў ад яе абраны ў латвійскі парлямэнт, дзе прадстаўляў апазыцыю.

У 2025 годзе, напярэдадні муніцыпальных выбараў у Латвіі, права-кансэрватыўная партыя «Нацыянальнае абʼяднаньне» вынесла на разгляд парлямэнта дэклярацыю «Аб ажыцьцёўленай савецкім акупацыйным рэжымам злачыннай русіфікацыі ў Латвіі і аб прадухіленьні яе лінгвістычных наступстваў». Гэты дакумэнт, паводле задумкі аўтараў, павінен быў стаць асновай для скарачэньня ролі расейскай мовы ў публічнай прасторы Латвіі.

Ініцыятыва кансэрватараў справакавала гарачую дыскусію ў парлямэнце. Росьлікаў, сярод выбаршчыкаў якога пераважна былі расейскамоўныя жыхары Латвіі, крытыкаваў дэклярацыю, у тым ліку прадстаўляючы яе ў сацсетках як «праява нэанацызму» ў Латвіі. Падчас дэбатаў у парлямэнце, выступаючы з трыбуны, ён перайшоў на расейскую мову і прадэманстраваў калегам непрыстойны жэст.

Па сьлядах гэтага выступу латвійскія спэцслужбы распачалі супраць Росьлікава крымінальную справу аб распальваньні нацыянальнай і этнічнай нянавісьці.

Па вэрсіі пракуратуры, дэпутат «сьвядома тэндэнцыйна і недакладна інфармаваў на расейскай мове аб пададзеным дэпутатамі праекце рашэньня, інтэрпрэтуючы яго як праяву нэанацызму» і ўціску расейскамоўных жыхароў у Латвіі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG