Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыская дума анулявала мандат дэпутата Росьлікава, які хаваецца ў Беларусі ад крымінальнага перасьледу

Аляксей Росьлікаў, архіўнае фота
Аляксей Росьлікаў, архіўнае фота

Латвійскі палітык Аляксей Росьлікаў, у дачыненьні да якога на радзіме завялі справу аб распальваньні нацыянальнай варожасьці, хаваецца ў Беларусі. Нядаўна ён наведаў БелАЭС.

Рыская гарадзкая дума прыняла рашэньне ануляваць мандат прарасейскага дэпутата Аляксея Росьлікава, які цяпер знаходзіцца ў Беларуст, паведаміла выданьне Delfi.

Падставай для пазбаўленьня Росьлікава мандату стала невыкананьне ім дэпутацкіх абавязкаў, ён не прымае ўдзелу ў пасяджэньнях, пры гэтым, паводлле некаторых дэпутатаў думы, палітык спрабаваў падключыцца да пасяджэньняў онлайн.

У Латвіі супраць экс-лідара партыі «Стабільнасьці!» і былога дэпутата Сейма Росьлікава завялі крымінальную справу аб распальваньні нацыянальнай варожасьці і нянавісьці. Нагодай для справы стала яго выступ на пасяджэньні парлямэнту ў пачатку чэрвеня 2025 года падчас разгляду дэклярацыі аб «злачыннай русіфікацыі» і яе лінгвістычных наступствах, а дакладней фраза «Нас больш, і расейская мова — наша мова». Пасьля ягонага ад’езду суд у Латвіі завочна арыштаваў яго і абвясьціў у вышук.

У пачатку красавіка 2026 года Росьлікаў апублікаваў у сацсетках відэа і паведаміў, што знаходзіцца ў Менску.

«Пакуль я буду знаходзіцца тут (у Беларусі), працаваць адсюль, працягваць трансьліраваць сваю пазыцыю. Ну далей як бог дасьць, убачым», — сказаў ён.

У сярэдзіне траўня Росьлікаў знаходзіўся ў Беларусі, 13 і 14 траўня на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён выклаў пасты аб тым, што наведаў АЭС Беларусі.

Хто такі Росьлікаў

Карʼера Росьлікава пачалася ў партыі «Згода», якую ўзначальваў былы мэр Рыгі, цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Ніл Ушакоў. У 2019 годзе Росьлікава выключылі з «Згоды» — за парушэньне партыйнай дысцыпліны. Пасьля гэтага ён заснаваў уласную партыю «Стабільнасьці!» і быў ад яе абраны ў латвійскі парлямэнт, дзе прадстаўляў апазыцыю.

У 2025 годзе, напярэдадні муніцыпальных выбараў у Латвіі, права-кансэрватыўная партыя «Нацыянальнае абʼяднаньне» вынесла на разгляд парлямэнта дэклярацыю «Аб ажыцьцёўленай савецкім акупацыйным рэжымам злачыннай русіфікацыі ў Латвіі і аб прадухіленьні яе лінгвістычных наступстваў». Гэты дакумэнт, паводле задумкі аўтараў, павінен быў стаць асновай для скарачэньня ролі расейскай мовы ў публічнай прасторы Латвіі.

Ініцыятыва кансэрватараў справакавала гарачую дыскусію ў парлямэнце. Росьлікаў, сярод выбаршчыкаў якога пераважна былі расейскамоўныя жыхары Латвіі, крытыкаваў дэклярацыю, у тым ліку прадстаўляючы яе ў сацсетках як «праява нэанацызму» ў Латвіі. Падчас дэбатаў у парлямэнце, выступаючы з трыбуны, ён перайшоў на расейскую мову і прадэманстраваў калегам непрыстойны жэст.

Па сьлядах гэтага выступу латвійскія спэцслужбы распачалі супраць Росьлікава крымінальную справу аб распальваньні нацыянальнай і этнічнай нянавісьці.

Па вэрсіі пракуратуры, дэпутат «сьвядома тэндэнцыйна і недакладна інфармаваў на расейскай мове аб пададзеным дэпутатамі праекце рашэньня, інтэрпрэтуючы яго як праяву нэанацызму» і ўціску расейскамоўных жыхароў у Латвіі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG