Як вынікае з паведамленьня на сайце Аляксандра Лукашэнкі, мэдаль будзе называцца «30 год Усебеларускаму народнаму сходу». Яе атрымаюць дэлегаты сямі скліканьняў гэтага органу «за актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці дзяржавы».
Апроч таго, такім жа мэдалём узнагародзяць і тых, «хто зрабіў значны ўнёсак у станаўленьне і разьвіцьцё народаўладзьдзя ў краіне».
Перад гэтым у Беларусі прэзэнтавалі сайт, які адмыслова стварылі пад гэтую юбілейную дату. На ім прадстаўляюць усіх дэлегатаў, якія з 1996 году ўдзельнічалі ў яго пасяджэньнях.
Падлічылі, які аб’ём дзяржаўных выдаткаў спатрэбіцца на выпуск толькі юбілейных мэдалёў без уліку пасьведчаньняў і футаралаў, якімі звычайна камплектуюцца падобныя ўзнагароды.
Можа спатрэбіцца амаль 20 тысяч мэдалёў
У 1996 годзе, калі Ўсебеларускі народны сход (УНС) адбыўся ўпершыню, на ім прысутнічала каля 4 740 дэлегатаў. Гэта быў найбольш прадстаўнічы па ліку ўдзельнікаў форум.
У наступныя гады — 2001, 2006, 2010, 2016 і 2021 — у ім удзельнічалі прыблізна па 2500 чалавек, а ў 2024-м — 1166 дэлегатаў. Паколькі ў Канстытуцыю ўнесьлі зьмены аб статусе гэтага органу, цяпер заканадаўча замацаваны лік дэлегатаў на ўзроўні 1200. Сёлета іх ня будуць выбіраць, бо паводле заканадаўства, у працы сходу будуць удзельнічаць выбраныя ў 2024 годзе прадстаўнікі.
Агульны лік дэлегатаў за ўсе гады складае 18 406 чалавек, але варта ўлічваць, што шмат дэлегатаў абіраліся дэлегатамі некалькі разоў і ўдзельнічалі ў працы некалькіх скліканьняў УНС, то колькасьць мэдалёў імаверна будзе меншай.
Колькі тых, хто атрымае мэдаль «за значны ўнёсак у станаўленьне і разьвіцьцё народаўладзьдзя ў краіне», невядома. Улады Беларусі выкарыстоўваюць практыку ўзнагароджваньня юбілейнымі мэдалямі ня толькі грамадзян Беларусі, а і іншаземцаў.
Дзе вырабляюць такія мэдалі
Улады не паведамляюць дакладную вартасьць мэдалёў і сабекошт вырабу адной такой узнагароды. Звычайна, падобныя заказы разьмяшчаюць праз кіраўніцтва справамі Лукашэнкі або сакратарыят УНС.
Вядома, што ў Беларусі ёсьць сама меней два прадпрыемствы, якія выконваюць такія дзяржаўныя заказы:
- навукова-вытворчае прадпрыемства «СЕНС», якое працуе з 1989 году і забясьпечвае поўнае геральдычнае суправаджэньне дакумэнтаў;
- кампанія PinSource, якая працуе ў Менску па гэтым жа профілі, з 2010 году.
На афіцыйным сайце «СЕНС» паведамляецца, што сярод іх пастаянных заказчыкаў ёсьць Савет бясьпекі, кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, МУС, Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, Служба бясьпекі Лукашэнкі, Міністэрства абароны, МЗС, КДБ і іншыя дзяржаўныя структуры.
Кампанія PinSource таксама вырабляла юбілейныя і памятныя мэдалі для дзяржаўных структур — Міністэрства спорту, Акадэміі МУС, а таксама для дзяржаўных прадпрыемстваў і вышэйшых навучальных устаноў.
Але абедзьве гэтыя кампаніі не паведамляюць арыентаваную сабекошту адной такой мэдалі.
Колькі сродкаў можа спатрэбіцца
Вартасьць партыі мэдалёў залежыць ад матэрыялу, зь якога ён зроблены, складанасьці чаканкі і камплектацыі.
Як вынікае з палажэньня аб юбілейным мэдалі «30 год Усебеларускаму народнаму сходу», узнагароду будуць рабіць з мэталю залацістага колеру. Звычайна дзяржаўныя юбілейныя мэдалі вырабляюць з лятуні або медна-нікелевага сплаву з пазалотай. Лятуневы варыянт таньнейшы.
Мэдаль УНС мае дыямэтар 33 мілімэтры і дастаткова складаную чаканку. Згодна з зацьверджаным Лукашэнкам палажэньнем, яна мае двухбаковы рэльеф высокай якасьці, для выкананьня якога спатрэбіцца ўжо больш дарагая тэхналёгія.
Калі абапірацца на інфармацыю, напрыклад, расейскіх рэсурсаў, вытворчасьць аднаго мэдалю можа вагацца ад 4 да 20 даляраў, залежна ад колькасьці партыі. Партыя ў 20 тысяч мэдалёў можа абысьціся ў суму ад 80 тысяч да 400 тысяч даляраў.
Ва Ўкраіне вартасьць аднаго мэдаля можа скласьці 2-3 даляры, а партыі ў 20 тысяч — ад 30 да 50 тысяч даляраў.
Таньней такія заказы можна разьмясьціць у Кітаі, дзе выпуск аднаго мэдалю можа абысьціся ад 40 цэнтаў за найпрасьцейшы ўзор да 4 даляраў за прэміюм-варыянт мэдаля.
Форум