Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе праз пагрозы выбухаў экстранна прызямляюцца пасажырскія самалёты. Што адбываецца

Самалёт авіякампаніі Ryanair у аэрапорце Сафіі пасmля таго, як туды прызямліліся ляйнэры, што ляцелі з Капенгагена і Мадрыду, 5 лістапада 2026 году
Самалёт авіякампаніі Ryanair у аэрапорце Сафіі пасmля таго, як туды прызямліліся ляйнэры, што ляцелі з Капенгагена і Мадрыду, 5 лістапада 2026 году

Сама меней 12 авіярэйсаў, якія ажыцьцяўлялі эўрапейскія кампаніі, раніцай 5 лістапада атрымалі паведамленьні з папярэджаньнем аб наяўнасьці бомбы ў самалётах, што прымусіла большасьць зь іх экстранна прызямліцца або зьмяніць аэрапорт прызначэньня.

Як паведаміла агенцтва Reuters, нягледзячы на тое, што ніхто не ўзяў на сябе адказнасьць за пагрозы, яны зьявіліся ў той час, калі эўрапейскія чыноўнікі вінавацяць як Расею, так і Іран у «гібрыдных атаках» і актах сабатажу. Масква і Тэгеран адмаўляюць гэтыя абвінавачаньні.

Рэйс EI402 з Дубліна ў Рым бясьпечна прызямліўся ў францускім аэрапорце Эўрэ, за 100 кілямэтраў на захад ад Парыжа, пасьля таго, як быў перанакіраваны дзеля бясьпекі, паведаміла ірляндзкая авіякампаніі.

Баўгарскія чыноўнікі паведамілі пра тры самалёты, якія зьдзейсьнілі аварыйную пасадку ў балканскай краіне праз пагрозы аб выбуху.

Самалёты, якія ляцелі з Капэнгагена і Мадрыда, бясьпечна прызямліліся ў Сафіі, паведаміў тэлеканал bTV. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што трэці самалёт, які ляцеў зь Лёндану, перанакіраваны ў Плоўдзіў — другі па велічыні горадзе Баўгарыі.

Улады Чэхіі, Італіі і Польшчы таксама паведамілі аб пагрозах выбухаў на самалётах.

Чэская паліцыя паведаміла, што чатыры самалёты, якія ляцелі ў Прагу, атрымалі папярэджаньне аб закладзенай бомбе і што ўлады рыхтуюцца да іх прызямленьня, хоць праўдападобнасьць пагроз ацанілі па нізкім узроўні.

Італьянскія вайскова-паветраныя сілы бясьпечна суправадзілі самалёт Finnair з Хельсінкі да заплянаванай пасадкі ў Рыме. Іншы рэйс Finnair з Хельсінкі, які выконвала Jettime, прызямліўся ў Вене ў звычайным рэжыме пасьля атрыманьня пагрозы аб закладзенай бомбы, паведаміў фінскі перавозьнік.

Польская авіякампанія LOT заявіла, што рэйс з Варшавы ў Брусэль бясьпечна прызямліўся ў пункце прызначэньня пасьля папярэджаньня бясьпекі, і ніякіх падазроных прадметаў не знайшлі. Таксама паведамілі, што рэйс LOT у Парыж затрымалі, калі ён рухаўся на ўзьлёт, а яго пасажыраў перасадзілі на іншы самалёт.

Італьянскія СМІ паведамілі, што рэйс Wizz Air з Міляна ў Варшаву вымушаны прызямліцца ў Вене.

Пакуль усе паведамляюць, што пагрозы аб закладзеных бомбах не пацьвердзіліся.

Што папярэднічала

На гэтым тыдні невядомыя хакеры адключылі лядоўні ў супэрмаркетах у некалькіх эўрапейскіх краінах. Некаторыя экспэрты заявілі, што пагрозы аб замінаваньні самалётаў могуць быць часткай падобнай схемы.

Эліран Альмог, генэральны дырэктар кампаніі па кібэрбясьпецы авіяцыі Cyviation, заявіў, што мэтай паўторных пагрозаў могуць быць як парушэньне працы авіягаліны, так для таго, каб назіраць, як гэтыя паведамленьні рэагуюць авіякампаніі, аэрапорты і нацыянальныя ўлады.

«Гэтыя авіяцыйныя пагрозы таксама адбываюцца ў той жа пэрыяд, што і кібэратакі на халадзільныя сыстэмы супэрмаркетаў па ўсёй Эўропе. Розныя жыцьцёва важныя службы сутыкаюцца з парушэньнямі, якія прыводзяць да эканамічных выдаткаў і могуць падарваць давер грамадзкасьці», — працытавала агенцтва экспэрта.

30 кастрычніка стала вядома, што найбуйнейшая ў сьвеце паводле аб’ёмаў штодзённых таргоў крыптаплятформа Binance стала ахвяраю маштабнай хакерскай атакі, якая закранула сродкі на суму прыблізна 6,3 мільярда даляраў. Амаль палову гэтай сумы замарозілі, каб перадухіліць маштабны крадзеж.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG