Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве заявілі аб адмове Беларусі выдаць асуджанага літоўца, які ўдзельнічаў у афіцыйнай прапагандзе Менску

Літоўскі біpнэсовец і грамадскі дзяяч Антанас Кандротас (зьлева), які з'ехаў у Беларусь падчас разгляду крымінальнай справы ў дачыненьні да яго ў Літве. Скрыншот са старонкі тэлеканала Беларусь 4 у Instagram
Літоўскі біpнэсовец і грамадскі дзяяч Антанас Кандротас (зьлева), які з'ехаў у Беларусь падчас разгляду крымінальнай справы ў дачыненьні да яго ў Літве. Скрыншот са старонкі тэлеканала Беларусь 4 у Instagram

У Міністэрстве юстыцыі Літвы паведамілі, што Беларусь адмовіла ў задавальненьні запыту Літвы аб выдачы Антанаса Кандротаса, якога асудзілі ў Вільні да пазбаўленьня волі.

Яго асудзілі ў Вільні на тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў справе аб фінансавых парушэньнях, а перад гэтым — на адзін год зьняволеньня за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, сёлета ў жніўні Міністэрства юстыцыі Літвы на падставе хадайніцтва Ковенскага акруговага суду зьвярнулася да ўладаў Беларусі па экстрадыцыю асуджанага ў Вільні на пазбаўленьне волі літоўскага грамадзяніна, актывіста і блогера Антанаса Кандротаса (мянушка Цэлафанас).

29 чэрвеня 2026 году Ковенскі акруговы суд выдаў эўрапейскі ордэр на яго арышт.

«Мэта Літвы — каб Кандротас адбыў прызначанае яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі; у сувязі з гэтым былі прыняты ўсе неабходныя меры. Выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт дазваляе затрымаць гэтую асобу ў выпадку яе ўезду на тэрыторыю ЭЗ або дзяржаў-партнэрак», — заявіў намесьнік міністра юстыцыі Марцінас Дабравольскіс.

Што папярэднічала

Сёлета ў чэрвені Апэляцыйны суд Літвы асудзіў грамадзяніна Літвы Антанаса Кандротаса (мянушка Цэлафанас) на тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў справе аб фінансавых парушэньнях, а перад гэтым — на адзін год зьняволеньня за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе. Суд прызнаў яго рэцыдывістам.

У ліпені Віленскі гарадзкі ўчастковы суд завяршыў разгляд яшчэ адной справы супраць Кандротаса за парушэньне грамадзкага парадку падчас леташніх пратэстаў каля літоўскага парлямэнту. Пракурор прапанаваў дадаць да ўжо прызначанага пакараньня яшчэ сем месяцаў пазбаўленьня волі. Рашэньне ў гэтай справе суд абвесьціць толькі ў верасьні.

Чым вядомы Кандротас?

Антанаса Кандротаса ледзь ня кожны тыдзень запрашалі на перадачы Горадзенскай абласной тэлекампаніі, дзе ён выказваўся супраць палітыкі Літвы стасоўна Беларусі, крытыкаваў стварэньне новага вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору і рост вайсковых выдаткаў.

У Літве Кандротаса шматкроць судзілі — за фінансавыя махлярствы, за беспарадкі каля парлямэнту, ён сядзеў у турме, але быў датэрмінова вызвалены ў 2025 годзе.

У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў, сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта быў. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса адмежаваўся.

У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць суседніх краін Эўразьвязу.

У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG