Як вынікае з апублікаванага ліста, падпісанага заснавальнікамі арганізацыі Валерам Цапкалам і Дзьмітрыем Балкунцом, гаворка ідзе пра Вольгу Карач і бізнэсоўца Дзьмітрыя Скіндзерава.
«Адна з галоўных прычыны, паводле якіх гэтых людзей лічаць „пагрозай для Літвы“, палягае ў тым, што яны публічна ставілі пытаньні, наколькі эфэктыўна выдаткаваныя сродкі, выдзеленыя Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам на падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі», — адзначаецца ў лісьце.
У лісьце выказваецца падтрымка Дональду Трампу і ягонай барацьбе з «махлярствам у замежнай дапамозе ЗША».
«Мы просім вас умяшацца і даручыць дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіё, спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу і віцэ-прэзыдэнту Джэй Дзі Вэнсу, які ачольвае вашу працоўную групу па выкараненьні махлярства, вывучыць гэтую сытуацыю, уключаючы лёс сродкаў ЗША, і не дапусьціць, каб дзеяньні Літвы прывялі да зьяўленьня новых палітычных зьняволеных у Беларусі. Мы таксама просім вас заклікаць Літву, хаўрусьніка па NATO, спыніць практыку дэпартацыі людзей паводле палітычных прычын у Беларусь і Расею, дзе ім пагражае арышт і пагроза жыцьцю», — гаворыцца ў дакумэнце.
Што папярэднічала
У жніўні 2023 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы з прычыны яе сувязі з расейскай выведкай». Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы. У траўні 2025 году Эўрапейскі суд у правах чалавека таксама адхіліў скаргу Вольгі Карач. Яна ачольвае Міжнародны цэнтар грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом», які, як паведамляецца на сайце арганізацыі, займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека. Вольгу Карач у 2024 годзе асудзілі ў справе Форуму дэмакратычных сіл Беларусі на 12 гадоў зьняволеньня разам з Веранікай Цапкалай і Анатолем Котавым, які летась зьнік у Турэччыне.
Сёлета 3 лістапада стала вядома, што Дэпартамэнт міграцыі Літвы скасаваў статус уцекача для беларускага бізнэсоўца Дзьмітрыя Скіндзерава, паколькі літоўскія спэцслужбы прызналі яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Літоўскія ўлады таксама анулявалі яму праязны дакумэнт уцекача і забаранілі ўезд у Літву на 10 гадоў. Ён заявіў аб намеры абскардзіць гэтыя рашэньні і апублікаваў у сваім Telegram-канале пераклад рашэньня міграцыйнага дэпартамэнту. У ім згадваецца, што Скіндзераў пасьля пераезду ў Літву падтрымліваў сувязі з супрацоўнікамі менскага і віцебскага КДБ, Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, ГУБАЗіК і іншых сілавых органаў і прыхаваў гэтыя зьвесткі, калі зьвяртаўся па статус уцекача.
У рашэньні таксама згадваецца, што Скіндзераў рэзка крытыкаваў Сьвятлану Ціханоўскую і яе офіс. Сёлета ў студзені ён канфліктаваў зь Дзянісам Кучынскім, дарадцам Ціханоўскай, а гэтае відэа выкарыстала прапаганда ў Беларусі. У дакумэнце таксама згадваецца канфлікт 19 сакавіка, зьвязаны з прыездам вызваленых палітвязьняў. Асобна адзначана, што яго жонка і непаўналетняе дзіця маюць дазволы на жыхарства ў Літве, але фактычна жывуць у Беларусі. У частых паездках ягонай жонкі ў Літву пабачылі імаверны канал, празь які спэцслужбы Беларусі могуць яго выкарыстаць супраць Літвы.
Колькі беларусаў прызналі ў Літве пагрозай нацыянальнай бясьпецы
У 2025 годзе Літва прызнала 1634 грамадзяніны Беларусі пагрозай нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку або здароўю насельніцтва. Гэта амаль утрая больш, чым у 2024 годзе, калі было прынята 598 падобных рашэньняў.
У 2025 годзе Дэпартамэнт міграцыі ня выдаў часовых дазволаў на жыхарства ў Літве 391 грамадзяніну Беларусі пры першым звароце па іх і не працягнуў такіх дазволаў 1023 чалавекам.
Паводле зьвестак Форуму дэмакратычных сіл Беларусі, з 2022 году Літва прызнала пагрозай больш за 3600 грамадзян Беларусі.
Што вядома пра Форум дэмакратычных сіл Беларусі
Форум як альтэрнатыву іншым дэмакратычным сілам у выгнаньні заснавалі Валер Цапкала, Дзьмітры Балкунец і Алег Котаў.
Арганізацыя правяла два форумы — у 2021 годзе ў Варшаве (Польшча) і ў 2022-м у Бэрліне.
Цяпер арганізацыя спрабуе дабіцца правядзеньня аўдыту 200 мільёнаў эўра, вылучаных на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Форум