Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі паведамілі аб маштабнай рэканструкцыі аднаго з двух дзейных пунктаў пропуску на мяжы зь Літвой

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Памежным камітэце Беларусі паведамілі аб пачатку 5 лістапада маштабнай рэканструкцыі пункту пропуску Каменны Лог на мяжы зь Літвой.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, «у пэрыяд правядзеньня будаўнічых работ схема руху транспартных сродкаў будзе мяняцца безь зьніжэньня прапускной здольнасьці».

Рэканструкцыю, пасьля якой плянуюць істотна павялічыць прапускную здольнасьць гэтага аб’екту, плянуюць завяршыць у 2029 годзе.

Чаму гэта важна

На мяжы зь Літвой з 2023 году працуюць толькі два пункты пропуску — Каменны Лог (зь літоўскага боку Меднікі) і Беняконі (зь літоўскага боку Салечнікі).

8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), а 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка).

27 кастрычніка 2025 году ўрад Літвы зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны прылёту паветраных балёнаў зь Беларусі.

Беларускія памежнікі пэрыядычна абвінавачваюць літоўскіх калегаў у занадта павольным прапусканьні транспартных сродкаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG