У Літве шырока адзначаюць 100-годдзе Валдаса Адамкуса, якога двойчы абіралі прэзыдэнтам Літвы.
Сам ён нядаўна перанёс апэрацыю і цяпер аднаўляецца дома ў Вільні.
Адамкус назваў уступленьне Літвы ў NATO і Эўрапейскі Зьвяз найбольшай радасьцю ў жыцьці
«Адной з галоўных мэтаў майго жыцьця было бачыць Літву ў Эўрапейскім Зьвязе, абароненай сіламі NATO, і я прыклаў да гэтага нямала намаганьняў. Наш уступ туды стаў найбольшай радасьцю майго жыцьця, бо я бачыў сэнс удзелу Літвы ў гэтых арганізацыях», — сказаў Адамкус у інтэрвію парталу Bernardinai.lt.
Дзеля гэтага ён наведваў многія эўрапейскія краіны і размаўляў зь іх лідэрамі, аднак ня ўсе былі гатовыя ўзяць на сябе адпаведныя абавязаньні.
«Адны сустрэлі гэта вельмі цёпла і запэўнілі, што падтрымаюць сяброўства Літвы, былі і тыя, што сумняваліся. Я б не сказаў, што нехта быў настроены варожа, але былі тыя, хто сумняваўся, не хацеў браць на сябе абавязаньні, і яны не давалі нам ніякіх гарантыяў», — расказаў Адамкус.
Гаворачы аб аднаўленьні незалежнасьці Літвы, Адамкус узгадаў, як яшчэ ў гімназічныя гады ён уключыўся ў падпольную дзейнасьць з мэтай дабіцца свабоды і незалежнасьці Літвы.
Былы прэзыдэнт расказаў, што ў дзень абвяшчэньня адноўленай незалежнасьці 11 сакавіка 1990 году ён быў ў Чыкага і моцна хваляваўся. Гаворачы пра будучыню, Адамкус сказаў, што Літва павінна заставацца актыўнай і самастойнай дзяржавай, якая можа абараняць сваю пазыцыю на міжнароднай арэне.
Валдас Адамкус нарадзіўся ў Літве, але ў 1944 годзе перайшоў на тэрыторыю Нямеччыны. У амэрыканскай зоне акупацыі скончыў літоўскую гімназію, у 1949 годзе пераехаў у ЗША.
У ЗША Адамкус служыў у войску, потым атрымаў спэцыяльнасьць інжынэра-будаўніка і доўгі час працаваў на дзяржаўнай службе. Наведваў Літву ў савецкі час, дапамагаў наладжваць маніторынг навакольнага асяродзьдзя, прывозіў кнігі і абсталяваньне.
У 1997 годзе вярнуўся ў Літву, атрымаў літоўскае грамадзянства, прыняў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і перамог на іх. На наступных выбарах ня быў выбраны, але пасьля імпічмэнту абранаму прэзыдэнту Раландасу Паксасу Адамкуса выбралі другі раз у 2004 годзе. Пры ім Літва ўступіла ў NATO і Эўразьвяз. Пасьля другога прэзыдэнцкага тэрміну займаўся навуковай і грамадзкай дзейнасьцю.
У сувязі з 100-годзьдзем былога прэзыдэнта ў Вільні і Коўне праходзяць прысьвечаныя юбілею імпрэзы — міжнародная канфэрэнцыя, музычнае віншаваньне, іншыя ўрачыстасьці. У Віленскай ратушы адбываецца канфэрэнцыя, арганізаваная Віленскім унівэрсытэтам і гарадзкім самакіраваньнем, на якой абмяркоюць палітычны і грамадзкі даробак Адамкуса, яго ролю ва ўмацаваньні міжнародных адносінаў Літвы і пазыцыі краіны ў Эўропе. На яе запрасілі былых прэзыдэнтаў Польшчы і Ўкраіны Аляксандра Квасьнеўскага і Віктара Юшчанку, літоўскіх і замежных палітыкаў, дыпляматаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці.
У Коўне каля бібліятэкі-музэю прэзыдэнта Валдаса Адамкуса адбудзецца музычнае віншаваньне, падчас якога прагучыць «Прэзыдэнцкі марш» Эмерыкаса Гайлявічуса.
Увечары ў Літоўскім нацыянальным тэатры опэры і балету ў Вільні адбудзецца ўрачыстае сьвяткаваньне стагодзьдзя прэзыдэнта.
Што казаў Валдас Адамкус пра Беларусь
Валдас Адамкус пасьлядоўна падтрымліваў беларускія дэмакратычныя сілы, удзельнічаў у супольных урачыстасьцях адзначэньня беларускага Дня Незалежнасьці 25 Сакавіка.
У 2019 годзе Адамкус заявіў, што Лукашэнка, прыслаўшы на дзяржаўнае пахаваньне ў Вільні правадыроў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў толькі віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку, паводзіць сябе няшчыра:
«У маім разуменьні Лукашэнкa заняў няшчырую пазыцыю. Яны нібыта не адмаўляюцца ад свайго, але разам з тым ня хочуць выглядаць вельмі дрэннымі. Таму я з пэўным недаверам прымаю гэты іх крок. Я прымаю, што гэта іх вельмі маленькі крок наперад, які, магчыма, пазьней можа даць і лепшыя вынікі, але сёньня гэты адзін маленечкі крок мяне яшчэ не задавальняе», — сказаў тады Валдас Адамкус агенцтву ELTA.
У 2017 годзе Адамкус заявіў пра Беларускую АЭС:
«Расея рукамі беларусаў будуе атамную бомбу на подступах да самой Вільні, а мы ня ў стане ні пераканаць эўрапейскія краіны ў нашай занепакоенасьці, ні дамовіцца з найбліжэйшымі суседзямі».
Гэтыя словы Адамкус сказаў на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі ў Віленскім унівэрсытэце.
У 2011 годзе, гаворачы пра першую крымінальную справу Алеся Бяляцкага, банкаўскія дакумэнты якога Беларусі выдала Літва, Валдас Адамкус заявіў, што гэтым былі растаптаныя маральныя каштоўнасьці.
«Паглядзіце, што здарылася зь Беларусьсю. Некалькі дзён таму мы пракліналі Аўстрыю апошнімі словамі, бо здраднікі аўстрыйцы адпусьцілі забойцу, хоць гэта было дваццаць гадоў таму. А што мы нарабілі праз сваю няздольнасьць да міжведамаснай камунікацыі? І ў дадатак гэта тры-чатыры месяцы хавалася ад грамадзкасьці. Адправілі жывых людзей у турму, змагароў за свабоду, якія змагаліся за тое, за што мы самі змагаліся дзесяцігодзьдзямі і страцілі столькіх людзей за гады акупацыі».
У 2011 годзе Валдас Адамкус заявіў у інтэрвію Свабодзе пра супрацу Літвы зь Беларусьсю і пра Аляксандра Лукашэнку:
«За часы маіх двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў выразна акрэсьліліся пазыцыі. Прэзыдэнт Лукашэнка цудоўна ведаў маю пазыцыю, і Літва цьвёрда трымалася асноўных прынцыпаў, так што ў яго ніякіх сумневаў у нашай пазыцыі і не ўзьнікала. Ён ня выказаў ніякага жаданьня супрацоўнічаць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, дый я з свайго боку не рабіў да гэтага ніякіх крокаў. А ўсе іншыя магчымасьці — што да культурнага супрацоўніцтва, навуковага абмену — гэта ўсё мы стараліся падтрымліваць. Падтрымлівалі мы і пэўныя дачыненьні ў галіне бізнэсу, гандлю. Яны не былі шырокія, але наколькі яны адпавядалі неабходным патрэбам грамадзянаў, мы іх падтрымлівалі. Так што ў нас былі халодныя, карэктныя дачыненьні».
У 2021 годзе беларускія пракуроры хацелі дапытаць Адамкуса
Улады Беларусі ў чэрвені 2021 году даслалі запыт у Генэральную пракуратуру Літвы наконт дапамогі ў крымінальнай справе аб генацыдзе беларусаў у гады вайны. Беларускія сьледчыя сьцьвярджалі, што ў 1941–1944 гады ў мэтанакіраваным забойстве людзей бралі ўдзел добраахвотнікі літоўскіх калябарацыйных фармаваньняў.
Яны прасілі дапытаць пэўных чальцоў карных батальёнаў, у тым ліку экс-прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса, якога назвалі даручэнцам «менскага мясьніка» Антанаса Людвіка Імпулявічуса-Імпуленаса.
Тады 94-гадовы Валдас Адамкус назваў абсурдам падазрэньні беларускай пракуратуры ў яго датычнасьці да «генацыду», а дзеяньні афіцыйнага Менску ахарактарызаваў «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду».
Тады ж Генэральная пракуратура Літвы адмовіла ўладам Беларусі іх просьбе, заявіўшы, што гэта можа нанесьці шкоду сувэрэнiтэту або бясьпецы, правам і законным інтарэсам грамадзян.
Форум