У Наваградку перастаюць дзейнічаць праекты зонаў аховы некаторых частак гораду, у тым ліку Наваградзкага замка, гары Міндоўга, Фарнага касьцёла і Барысаглебскай царквы, заўважыў Telegram-канал «Спадчына».
Пастанову № 116, пра якую вядзецца размова, падпісаў прызначаны сёлета міністрам культуры Марат Маркаў, больш вядомы як прапагадыст і кіраўнік тэлеканалу АНТ.
Ад 21 кастрычніка 2026 году прызнаюцца нядзейнымі адразу пяць папярэдніх пастаноў, прынятых у 2009–2021 гадах. У Наваградку перастане дзейнічаць праект ахоўных зонаў для будынкаў па вул. Менскай, 1 і 5; былых гандлёвых радоў на вул. Менскай, 3.
Таксама новая пастанова скасавала комплексны праект ахоўных зонаў гістарычнага цэнтру гораду, які рэгуляваў рэжымы ўтрыманьня і забудовы вакол 44 гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Сярод іх:
- Руіны Наваградзкага замка;
- Гара Міндоўга;
- Фарны касьцёл;
- Барысаглебская царква;
- Касьцёл Сьвятога Арханёла Міхала;
- Курган Адама Міцкевіча.
На канале заўважылі, што Міністэрства культуры ўжо не ўпершыню скасоўвае папярэднія дакумэнты, аднак новых ахоўных праектаў замест іх не публікуе.
Што зьмянілася раней?
Як адзначыў тэлеграм-канал «Спадчына», Міністэрства культуры раней без прапановы ў адказ скасавала праект зонаў аховы палацава-паркавага ансамблю Сапегаў - Патоцкіх у Высокім, дзе пасярод гістарычнага парку задумалі зрабіць новы басэйн. Затым паводле такой жа схемы скасавалі зоны аховы форта «Граф Берг» і царквы ў Гершонах у Берасьці, а таксама будынкаў па вуліцы Валадарскага, 2, 4, 6 у Менску».
Пры гэтым апошні раз новыя праекты ахоўных зонаў на Нацыянальным прававым партале публікавалі 10 красавіка 2026 году. За наступныя сем месяцаў — ніводнага дакумэнту з праектам прапанаваных на замену зонаў.
Летась Міністэрства культуры зьменшыла ахоўныя зоны каля Мірскага замка. Пры гэтым у пераліку будынкаў распрацоўнікі зь «Берасьцерэстаўрацыяпраекту» назвалі былы паліцэйскі пастарунак фальваркам, а царкву Георгія — пастарункам. Фальварак увогуле зьнік са сьпісу.
Раней у лістападзе стала вядома пра тое, што ўлады спынілі фундаваньне аднаўленьня Гальшанскага замку. Былы кіраўнік рэстаўрацыйнага праекту ў Гальшанах Ігар Раханскі не паведаміў прычынаў, чаму гэтак адбылося. На ягоную думку, улады задаволіла тое, што замак ужо ўвялі ў карыстаньне як турыстычны аб'ект, а далейшыя работы ў замку засталіся без падтрымкі зь бюджэту.
Форум