Як сказана ў паведамленьні асацыяцыі, у гадавым вымярэньні аўтамабільны рынак дэманструе высокі рост — у параўнаньні з кастрычнікам 2025 году аб’ём продажаў павялічыўся на 49%.
«Кастрычнік стаў знакавым месяцам для рынку новых аўтамабіляў. Сукупныя продажы BelGee і Geely перавысілі рубеж у 45 тысяч аўтамабіляў, што складае больш за 60% рынку. Dongfeng захоўвае „зборкі“ [колькасьць сабраных аўтамабіляў. — РС] на ўзроўні больш за 800 аўтамабіляў у месяц. Haval таксама дэманструе рост», — адзначаецца ў камэнтары асацыяцыі.
Сытуацыя на рынку электрамабіляў
Продажы новых электрамабіляў ненашмат перавысілі ўзровень верасьня — прадалі прыблізна 3,4 тысячы машын, што на 0,8% больш, чым у мінулым месяцы.
У той жа час у асацыяцыі канстатавалі зьніжэньне імпарту электрамабіляў на 21% у выніку заканчэньня квотаў на іх бязмытны ўвоз.
У кастрычніку сукупны імпарт электрамабіляў юрыдычнымі і фізычнымі асобамі склаў прыблізна 2,5 тысячы машын. Прыблізна дзьве траціны гэтага аб’ёму прыпадае на юрыдычных асобаў.
Чаму ў Беларусі павольна расьце колькасьць электрамабіляў?
У пашырэньні электрамабіляў Беларусь адстае ад эўрапейскіх краін, бо мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў.
Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.
У суседняй Польшчы 102,4 тысячы электрамабіляў, што ў пераліку на колькасьць насельніцтва супастаўна зь Беларусьсю. Але станцыяў сілкаваньня ў Польшчы значна больш — 11 173. Польшча дасягнула ўзроўню Бэльгіі — 9 электрамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.
Што гэта значыць?
Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў.
Але шэраг беларускіх эканамістаў, як дзяржаўных, гэтак і незалежных, падзяляюць думку, што Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў з бэнзінавымі рухавікамі і зьніжае агульную патрэбу беларускіх кіроўцаў у расейскім паліве.
Эўразійская міжурадавая рада, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў. Гэта наступствы вялікага ўплыву Расеі й яе галоўнай ролі ў арганізацыі.
Што папярэднічала
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе многія эўрапейскія аўтабрэнды пакінулі Беларусь. Зь ліпеня 2024 году ЭЗ увёў шэраг абмежаваньняў на вываз у Беларусь аўтамабіляў з сваёй тэрыторыі. Забараняецца экспарт з ЭЗ ў Беларусь аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама электрамабіляў і гібрыдаў.
Форум