Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя ўлады працягваюць ліквідоўваць непэрспэктыўныя вёскі. Цяпер і ў Менскай вобласьці

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пухавіцкі раённы савет дэпутатаў зьліквідаваў дзьве вёскі, у адной зь іх ужо сем гадоў, як не было жыхароў.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньня, зьліквідаваныя вёска Сіротка Блонскага сельсавета і Навапольле Пухавіцкага сельсавета.

Гісторыя абодвух населеных пунктаў пачыналася ў пачатку 20 стагодзьдзя.

У Сіротках у 1926 годзе налічвалі 15 двароў і 59 жыхароў, а ўжо ў 2002-м застаўся толькі адзін двор і адзін жыхар. Паводле перапісу 2019 году, у вёсцы ўжо не было насельніцтва.

Вёскі Навапольле ўжо няма ў пераліку населеных пунктаў. У 2010 годзе вёску пераўтварылі ў аграгарадок.

За ўвесь 2025 год у Менскай вобласьці зьліквідавалі адну вёску.

Чаму гэта важна

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 па 2025 год лік населеных пунктаў у дзяржаве зьменшыўся з 23 250 да 23 190.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 173 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў паменела на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 173 на пачатак 2026 году.

За апошнія 9 гадоў найбольш населеных пунктаў зьліквідавалі ў Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.

Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для разьвязаньня праблемы адтоку людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новага жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч квадратных мэтраў за год.

Улады Беларусі ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на што была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але спад долі сельскага насельніцтва надалей працягваецца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG