Дзень у гісторыі
1 лістапада 1937 году НКВД расстраляў 11 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, у тым ліку Філарэта (Феадосія Раменскага). Магчыма, што ў Курапатах.
Паводле гісторыка і пісьменьніка Кастуся Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай царквы выслалі ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня загінула.
Таксама ў гэты дзень
1338 — пачала дзейнічаць мірная гандлёвая дамова, якую Гедымін заключыў зь Лівонскім ордэнам. Дакумэнт быў падпісаны 2 кастрычніка 1338 году.
1478 — заснаваная гішпанская інквізыцыя.
1632 — у Рэчы Паспалітай абнародавалі «Пункты заспакаеньня» — пагадненьне, якое прызнавала шэраг правоў праваслаўнага насельніцтва і прадугледжвала стварэньне асобнай праваслаўнай япархіі з цэнтрам у Магілёве.
1755 — у Лісабоне адбыўся землятрус, ад якога загінулі дзясяткі тысячаў чалавек.
1800 — прэзыдэнт ЗША Джон Адамс стаў першым жыхаром Белага дому ў Вашынгтоне, хоць будынак яшчэ ня быў цалкам гатовы. Звыклы нам выгляд Белы дом набыў толькі пасьля 1829 году.
1911 — падчас італьянска-турэцкай вайны ў Лібіі італьянскі лётчык упершыню ў гісторыі скінуў выбухоўку з самалёта на пазыцыі праціўніка. З гэтага часу бамбаваньне стала спосабам вядзеньня войнаў — адным з самых разбуральных.
1928 — Турэччына перайшла на лацініцу.
1952 — ЗША правялі першае выпрабаваньне вадароднай бомбы.
1980 — у Горадні адкрыўся Тэатар лялек. Афіцыйнае адкрыцьцё і першы спэктакль адбыліся 25 траўня 1981 году.
1987 — у Купалаўскім сквэры ў Менску прайшло адзначэньне Дзядоў, арганізаванае аб’яднаньнямі «Тутэйшыя» і «Талака», дзе ўпершыню шырока заявілі пра рэпрэсіі ў БССР.
1992 — у Менску адбыўся ўстаноўчы сойм Згуртаваньня беларускай шляхты — арганізацыі, створанай для вывучэньня і захаваньня шляхецкай спадчыны Беларусі. Быў прыняты статут і выбрана кіраўніцтва арганізацыі. Старшынём ЗБШ стаў доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.
1993 — набыла моц Маастрыхцкая дамова, якая паклала пачатак Эўрапейскаму Зьвязу.
2020 — упершыню з 1988 году ўлады разагналі шэсьце на Дзяды. Яно праходзіла пад назвай «Марш супраць тэрору».
У гэты дзень нарадзіліся
1868 — Зьміцер Даўгяла, гісторык і археограф. Ахвяра сталінізму.
1873 — Іван Замоцін, беларускі літаратуразнавец, акадэмік АН БССР. У 1938 годзе быў рэпрэсаваны, памёр у турэмным шпіталі ў 1942-м.
1888 — Міхал Сапоцька, каталіцкі сьвятар, ураджэнец Валожыншчыны, спаведнік сьвятой Фаўстыны Кавальскай. У 2008 годзе Каталіцкая царква абвясьціла яго блаславёным.
1895 — Уладзімер Крыловіч, актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. Заслужаны артыст Беларусі (1931).
1903 — Лукаш Бэндэ, адзін з найбольш агрэсіўных прадстаўнікоў «аглабельнай крытыкі» і навешаваньня палітычных ярлыкоў пісьменьнікам, што ў часы рэпрэсій азначала турэмнае зьняволеньне, катаргу або ссылку ў расейскую глыбінку, самагубства або расстрэл.
1908 — Яўгенія Пфляўмбаўм, паэтка й перакладчыца.
1912 — Янка Золак, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзяяч, выдавец на эміграцыі ў ЗША.
1933 — Вячаслаў Адамчык, беларускі пісьменьнік.
У памяці
1888 — Мікалай Перавальскі (Пржавальскі), расейскі географ і вандроўнік беларускага паходжаньня. Ён кіраваў некалькімі экспэдыцыямі ў Цэнтральную Азію, дасьледаваў Тыбэт, Манголію і іншыя малавядомыя эўрапейскай навуцы тэрыторыі. Ягоным імем назвалі від дзікага каня. Пахаваны на беразе возера Ісык-Куль.
1893 — Ян Матэйка, польскі мастак, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў гістарычнага жывапісу XIX стагодзьдзя. Сярод ягоных вядомых палотнаў — «Люблінская унія», «Бітва пад Грунвальдам» і «Рэйтан. Заняпад Польшчы».
1943 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, беларускі антраполяг і археоляг. Падчас раскопак стаянкі Кіік-Коба ў Крыме адкрыў адно зь першых вядомых пахаваньняў нэандэртальцаў ва Ўсходняй Эўропе. У 1933 годзе быў рэпрэсаваны, у 1936-м вярнуўся да навуковай працы. За сваю працу атрымаў ступень доктара гістарычных навук без абароны дысэртацыі.
1971 — Міхаіл Ром, савецкі рэжысэр і сцэнарыст.
1972 — Эзра Паўнд, амэрыканскі паэт, адзін з галоўных прадстаўнікоў мадэрнізму XX стагодзьдзя. Быў пачынальнікам імажызму. Ягоныя творы пераклалі на беларускую Янка Юхнавец, Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі і Макс Шчур. Падчас Другой сусьветнай вайны Эзра Паўнд падтрымліваў італьянскіх фашыстаў і выступаў з антысэміцкай прапагандай. Пасьля вайны быў арыштаваны амэрыканскімі ўладамі і каля 12 гадоў правёў у псыхіятрычным шпіталі.
1984 — Пётра Сергіевіч, беларускі жывапісец і графік, адзін з найвыбітнейшых мастакоў Заходняй Беларусі XX стагодзьдзя. Сярод ягоных вядомых твораў — «Усяслаў Полацкі», «А хто там ідзе?» і «Шляхам жыцьця». Пахаваны на Антакальскіх могілках у Вільні.
2021 — Віктар Какарэка, нумізмат, старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства