Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўбачылі афрыканскае сафары, калі людзі на джыпах езьдзілі па полі і стралялі ў людзей»


Разгон маршу ў Курапатах 1 лістапада

Пятага лістапада афіцыйна скончыцца пяты прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі — ягоная інаўгурацыя адбылася 5 лістапада 2015 году.

Выбары, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня, Эўразьвяз, ЗША і некаторыя іншыя краіны прызналі сфальшаванымі, таемная інаўгурацыя Лукашэнкі таксама не прынятая ні гэтымі краінамі, ні беларускім грамадзтвам.

Ад пачатку выбарчай кампаніі больш за 17 тысяч чалавек былі затрыманыя за мірныя акцыі, тысячы аштрафавалі, адправілі на «суткі», пабілі, катавалі. Але людзі ўсё роўна выходзяць на мірныя пратэсты.

На «Маршы супраць тэрору», які адбыўся 1 лістапада, сілавікі затрымалі больш за 300 чалавек, на 231 зь іх Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках. Пры гэтым 2 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён ня супраць іншадумства і наогул ня можа «існаваць у нейкай прасторы, дзе няма іншага пункту гледжаньня».

Чаму гэты тыдзень важны для Беларусі, Цімуру Алеўскаму ў эфіры «Настоящего времени» расказаў Анатоль Котаў, у мінулым — намесьнік загадчыка аддзелу ў Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта Беларусі.

—...У гэтыя выходныя мы ўпершыню ўбачылі ў Беларусі фактычна афрыканскае сафары, калі людзі на джыпах, на мікрааўтобусах езьдзілі па полі і стралялі ў людзей.

Кожны дзень хочацца сказаць, што мы дасягнулі нейкага дна, але, напэўна, кожны нядзельны марш паказвае, што ўлада гэтага дна не дасягнула.

— Курапаты — гэта яшчэ такое месца асаблівае, усё ж такі гэта ў пэўным сэнсе гісторыя сьвяшчэнная: там месца гібелі людзей.

— Так, гэта выглядала проста жудасна. У Курапатах расстрэл людзей на касьцях пахаваных людзей — гэта наогул блюзьнерства.

— Семсот крымінальных спраў і вось велізарная справа на 231 чалавека за адны выходныя — гэта спроба спаліць масты або як да гэтага ставіцца? Дарэчы, хто іх расьсьледаваць будзе?

— Расьсьледаваць гэтыя справы, калі шчыра, ня будзе ніхто. У нас ужо ёсьць інсайды, што ніводная заява, пададзеная аб гвалце з боку работнікаў праваахоўных органаў, усе на наступным тыдні будуць атрымліваць «адмоўныя» матэрыялы. Але гэта ня значыць, што ня будзе нейкага іншага крымінальнага перасьледу. Павал Латушка аб’явіў пра стварэньне нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня, і, увогуле, я падтрымаў гэтую ідэю.

Мы гатовыя з наступнага тыдня пачаць вельмі сурʼёзную кампанію прыцягненьня людзей да адказнасьці. Для пачатку ў адпаведнасьці з ангельскім правам. Яно дазваляе экстэрытарыяльна прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці за катаваньні. Затым на падставе заключэньня Камісіі ААН па катаваньнях, у адпаведнасьці зь іншымі юрысдыкцыямі.

— То бок, вы зьвяртаецеся ў Лёнданскі суд, я так разумею?

— Фактычна так. Ёсьць плян на наступным тыдні запусьціць прафэсійную міжнародную кампанію з удзелам юрыстаў зь Беларусі, Польшчы і Вялікай Брытаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG