Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У былога палітвязьня і колішняга дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых — рак. Абвясьцілі збор

Канстанцін Залатых
Канстанцін Залатых

У Беларусі Канстанціна Залатых асудзілі паводле чатырох артыкулаў да 4 гадоў калёніі. Ён правёў за кратамі ўвесь тэрмін, прычым частку гэтага часу — у ШЫЗА, дзе не атрымліваў патрэбнай мэдыцынскай дапамогі.

Зьняволеньне моцна паўплывала на здароўе палітвязьня, а пры абсьледаваньні пасьля вызваленьня ў Канстанціна Залатых выявілі рак ныркі.

На лячэньне знанага журналіста адкрылі збор на плятформе BySol. Пра свае цяжкасьці са здароўем Канстанцін Залатых расказаў больш падрабязна.

«У верасьні прызначылі складаную органазахавальную апэрацыю. Аднак кансыліюм скасаваў яе перад самым пачаткам — пухліна разьмешчаная ўнутры ныркі, і рызыка страты органа была занадта вялікай.

5 кастрычніка я зноў лёг у больніцу для правядзеньня паўторнай біяпсіі і дадатковых абсьледаваньняў. Але правесьці біяпсію не атрымалася й гэтым разам — пухліна знаходзіцца занадта блізка да артэрый. Цяпер мяне накіравалі ў спэцыялізаваную лякарню ўва Ўроцлаве. Наперадзе новыя абсьледаваньні, пасьля якіх змогуць вызначыць спосабы далейшага лячэньня».

Акрамя анкалягічнага захворваньня, Залатых мае іншыя праблемы са здароўем, якія сталі вынікам зьняволеньня. У яго ёсьць кардыялягічныя разлады, а сасуды ног патрабуюць аперацыі.

«Лячэньне і патрэбныя лекі ў Польшчы мне даюць задарма. Таму я прашу дапамогі не на аплату мэдыцынскіх працэдураў. Праблема ў тым, што цяпер праз хваробу, шпіталізацыі і пастаянныя абсьледаваньні я не магу паўнавартасна забясьпечваць сям’ю. Пасьля зьняволеньня, вымушанага пераезду і ўсяго перажытага ў нас практычна не засталося грошай. Кожны месяц трэба плаціць за кватэру, купляць прадукты і пакрываць штодзённыя выдаткі сям’і», — патлумачыў мэту збору Канстанцін Залатых.

На што ідуць грошы збору?

Агульная сума збору на BySol — 4500 эўра. Што ў яе ўваходзіць:

  • €3000 — арэнда жыльля і камунальныя плацяжы на наступныя тры месяцы;
  • €900 — паездкі на дыягностыку і апэрацыю ўва Ўроцлаў;
  • €600 — прадукты, непазьбежныя побытавыя і іншыя выдаткі сям’і на працягу трох месяцаў.

Хто такі Канстанцін Залатых?

Журналіст найбольш вядомы як дырэктар ЗАТ «Мэдыярынак», таварыства было выдаўцам незалежнай эканамічнай газэты «Белорусы и рынок». На гэтай пасадзе ён працаваў з 2014 году.

Раней, з 2011 году кіраваў карэспандэнцкім пунктам Эўрапейскага радыё для Беларусі ў Менску.

18 траўня 2022 году ў рэдакцыю і да яго дадому зь ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Залатых затрымалі і абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (Абраза прэзыдэнта), ч. 1 арт. 130 (Распальваньне варожасьці ці розьні), ч. 1 арт. 427 (Службовы падлог).

Як заявілі пазьней праваабаронцы, справу супраць Канстанціна Залатых сілавікі сфабрыкавалі, і яна насіла палітычна матываваны характар. Крымінальны перасьлед быў напрост зьвязаны з прафэсійнай дзейнасьцю затрыманага як журналіста і кіраўніка незалежнага СМІ.

Год і два месяцы Залатых правёў у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, а пасьля вынясеньня прысуду быў у Наваполацкай калёніі. У зьняволеньні Залатых скардзіўся на катаваньні холадам. За кратамі яго пазбавілі нармальнай магчымасьці атрымліваць мэдычную дапамогу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG