Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пра зварот палітвязьняў да эўрапейскіх лідэраў: гэта ідэалёгія выжываньня і прыстасаваньня

Мікола Статкевіч. Архіўнае фота
Мікола Статкевіч. Архіўнае фота

Былы палітвязень, палітык Мікола Статкевіч мяркуе, што адкрыты ліст групы палітвязьняў станоўча ўспрыме рэжым у Беларусі, які трымае палітвязьняў у зьняволеньні і пастаянна папаўняе іх шэрагі.

«Стаўленьне рэжыму таксама зразумелае: чым больш пакупнікоў, тым большая выгада прадаўцу. А з папаўненьнем запасаў „тавару“ праблем няма. Самі прыхільнікі ажыўленьня рынку палітзьняволеных, акрамя мэдыйнага эфэкту, спрабуюць зьвярнуць на сябе ўвагу палітычных эліт краін прытулку, што для ўцекачоў таксама нямала», — мяркуе Мікола Статкевіч.

Паводле яго, аўтары звароту ігнаруюць важнасьць ідэалёгій і прапагандуюць самую масавую зь іх — ідэалёгію выжываньня і прыстасаваньня любым коштам. «Адэпты такой ідэалёгіі складаюць апору любога рэпрэсіўнага рэжыму, бо дзеля ўласнага дабрабыту і самазахаваньня яны гатовыя на парушэньне любых нормаў чалавечай маралі. Ці проста на пакорлівае ігнараваньне такіх парушэньняў», — дадаў палітык.

«Яшчэ аўтары звароту сьцьвярджаюць, што „ніякая палітычная мэта не вартая здароўя і жыцьця людзей“. Пры гэтым яны, відавочна, маюць на ўвазе палітычныя мэты свабоды людзей і незалежнасьці краін. Я ўпэўнены, што менавіта распаўсюд гэтай тэзы зьяўляецца адной з галоўных задач сапраўдных аўтараў звароту, што не здымае адказнасьці з астатніх, якія далучыліся з-за „гуманных мэтаў“ і „паважанай“ кампаніі», — мяркуе Мікола Статкевіч.

«Абясцэніць пакуты і ахвяры змагароў за свабоду Беларусі, свабоду і незалежнасьць Украіны, свабоду ўсіх паняволеных краін сьвету ва ўсе часы, дыскрэдытаваць гэтыя каштоўнасьці, зьменшыць колькасьць іх прыхільнікаў — вось сапраўдная мэта сапраўдных аўтараў звароту, які абражае мяне асабіста, а таксама вялікую колькасьць вельмі годных людзей. Як жывых, так і мёртвых», — адзначыў палітык.

Паводле яго, «сьвядомыя ці несьвядомыя выканаўцы гэтай спэцапэрацыі нават не пераймаюцца тым, што жывуць на ўтрыманьні і пад абаронай народаў вольных ды заможных краін, якія сталі такімі, дзякуючы барацьбе за свабоду сваіх нацыянальных герояў».

«Дыскрэдытуючы ўсе „палітычныя мэты“ агулам, вы не абмінаеце і тыя ідэалы ды каштоўнасьці, якія далі краінам, што вас прынялі, матывы зрабіць гэта. Бо вас палічылі пасьлядоўнікамі ўласных шанаваных герояў. Яшчэ можна неяк патлумачыць, чаму вы разьлічваеце беспакарана гадзіць на магілы змагароў за свабоду сваёй краіны, на магілы загінулых за незалежнасьць Украіны. Але калі вы робіце тое ж у адносінах да змагароў за свабоду краін, што далі вам прытулак, то няўжо вам ня сорамна ці, дакладней, ня страшна? А мо менавіта ваша ідэалёгія і падштурхоўвае вас да гэтага?», — напісаў Мікола Статкевіч.

Што папярэднічала

26 кастрычніка апублікаваны тэкст адкрытага ліста колішніх палітвязьняў да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

Пад зваротам падпісаліся генэральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадзкая актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.

Паводле аўтараў звароту, дыялёг «пра людзей і каштоўнасьці павінен весьціся разам з беларускім грамадзтвам».

«Мы заклікаем ЭЗ слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досьвед пры выпрацоўцы рашэньняў. Мы не бяром на сябе ролю судзьдзяў у пытаньнях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаваньні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэньнем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэньні пра будучыню адносін з Беларусьсю, і зрабіць вызваленьне людзей і спыненьне рэпрэсій прыярытэтам эўрапейскай палітыкі», — ідзецца ў звароце.

Аўтары звароту кажуць, што ён «адкрыты, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязьні».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG