Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паводзіў сябе на судзе ў Швайцарыі Гараўскі і як адрэагавала на вырак дачка зьніклага Юрыя Захаранкі

абноўлена
Юры Гараўскі (зьлева) каля суду кантону Санкт-Гален у Швайцарыі, 22 верасьня 2026 году. Фота выданьня «Новы час»
Юры Гараўскі (зьлева) каля суду кантону Санкт-Гален у Швайцарыі, 22 верасьня 2026 году. Фота выданьня «Новы час»

Журналістка Вольга Класкоўская і Алена Захаранка, дачка зьніклага Юрыя Захаранкі, расказалі Свабодзе аб судзе і выраку ў справе былога байца беларускага Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юрыя Гараўскага.

Журналістка Вольга Класкоўская, якая прысутнічала ў судзе швайцарскага кантону Санкт-Гален падчас абвяшчэньня рашэньня ў справе Юрыя Гараўскага, паведаміла дэталі пасяджэньня і як паводзіў сябе абвінавачаны.

«Сёньня, калі казаць пра атмасфэру ў судзе, то Гараўскі, як і на мінулых пасяджэньнях, быў у даволі прыгнечаным стане. І што я заўважыла, хвілін праз 30 пасьля таго, як судзьдзя пачаў зачытваць абвінавачаньне і тлумачыць судовае рашэньне, Гараўскі апусьціў галаву і абхапіў далонямі лоб, і ў такім прыгнечаным стане і сядзеў да канца пасяджэньня», — сказала Свабодзе Вольга Класкоўская.

Паводле яе, асобнае абурэньне ў Гараўскага выклікалі згадкі судзьдзі аб фінансах. «Напрыклад, тое, што Гараўскі мусіць сам аплаціць адну чвэрць судовых выдаткаў», — удакладніла яна.

«Пасьля таго, як судзьдзя скончыў чытаць сваё судовае рашэньне, я падышла да Юрыя Гараўскага і паспрабавала задаць яму пытаньне, але ён дэманстратыўна адвярнуўся ад мяне сьпінай і вельмі непрыязна на мяне паглядзеў, адмовіўся ад якіх-кольвек камэнтароў», — дадала журналістка.

Вольга Класкоўская адзначыла, што і праваабаронцы, і прадстаўнік боку пацярпелых ахарактарызавалі сёньняшняе судовае рашэньне як перамогу.

Суд швайцарскага кантону Санкт-Гален 26 кастрычніка прызнаў былога байца САХР Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Пры гэтым суд апраўдаў Гараўскага ў абвінавачаньні, зьвязаным са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказаньняў, ня ведаў пра сапраўдную мэту выкраданьня і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вярнуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе. Сытуацыю са зьнікненьнем Віктара Ганчара ў судзе не разглядалі, бо не было пацярпелага боку — сваякоў зьніклага, паведаміла Вольга Класкоўская.

Алена Захаранка: У мяне страцілася надзея на справядлівасьць незалежнага суду

Алена Захаранка ўдакладніла сваю пазыцыю, дэталёва азнаёміўшыся з выракам. Падаём абноўлены камэнтар.

Дачка зьніклага Юрыя Захаранкі Алена лічыць рашэньне суду несправядлівым, бо Гараўскага прызналі вінаватым толькі ў выкраданьні Анатоля Красоўскага, а ня Юрыя Захаранкі.

«Я вельмі засмучаная. Я па-ранейшаму лічу, што суд быў абсалютна несправядлівым. Я непасрэдна сустракалася з удзельнікам злачынства ў дачыненьні да майго бацькі і абсалютна ўпэўненая, што ён выкрадаў».

Яна кажа, што не разумее, чаму ў цэнтры справы апынуўся Аляксей Красоўскі, які ня быў палітычным дзеячам, як Юры Захаранка. Тым больш, што паводле Алены, Гараўскі дэталёва расказваў дэталі выкраданьня ейнага бацькі.

«Я сапраўды засмучаная, і ў мяне страцілася надзея на справядлівасьць незалежнага суду. Я спадзявалася, што ўсё-такі яны аб’ектыўна падыдуць да гэтага працэсу, але справядлівасьці няма нават па-за межамі Беларусі, у незалежнай краіне», сказала яна.

Красоўская: Гараўскі — толькі адзін са шматлікіх злачынцаў

«Упершыню за 27 год канкрэтная асоба абвінавачаная ў выкраданьні і забойстве майго бацькі, — сказала ў камэнтары Свабодзе Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. — Ня кожны можа ўявіць, што такое чакаць 27 год. Але гэта (Гараўскі. — РС) толькі адзін са шматлікіх злачынцаў, не галоўны злачынца. Таму ў мяне няма адчуваньня, што ў гісторыі майго бацькі пастаўленая кропка. Таксама разумею, што Алена Захаранка мае іншыя пачуцьці, чым я сёньня. Вельмі дзіўна і шкада, што ў нас зь ёй сёньня розныя пачуцьці».

Што папярэднічала

Суд швайцарскага кантону Санкт-Гален 26 кастрычніка прызнаў былога байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданьні бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ўмоўна, паведамляе «Новы час».

Пры гэтым суд апраўдаў Гараўскага ў абвінавачаньні, зьвязаным са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказаньняў, ня ведаў пра сапраўдную мэту выкраданьня і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вярнуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе.

7 траўня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьнік былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык Юры Захаранка. Паводле сьведчаньняў былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў, яго выкралі і забілі прадстаўнікі спэцпадразьдзелу МУС. У магчымай арганізацыі выкраданьня падазравалі тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана, а ў датычнасьці да злачынства таксама фігуравалі імёны Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

16 верасьня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьніклі былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы меркаванага выкраданьня знайшлі сьляды крыві Ганчара і аскепкі аўтамабіля. У датычнасьці да іх зьнікненьня падазравалі высокапастаўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў: Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава і камандзіра спэцпадразьдзелу МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку.

Сёньняшняе рашэньне суду — вынік разгляду апэляцыі сваякоў ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH) на першае рашэньне суду швайцарскага гораду Роршах, які прызнаў Юрыя Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG