Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за восеньскі прызыў на тэрміновую службу ў войскі плянуюць накіраваць 10 тысяч чалавек

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Плянавая адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую службу, у злучэньні і вайсковыя часьці Ўзброеных сіл распачалася 22 кастрычніка.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, агулам у верасьні — лістападзе ва Ўзброеныя сілы, іншыя войскі ды вайсковыя фарміраваньні плянуецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек.

У першы дзень у войскі будзе накіравана каля 1 тысячы прызыўнікоў — у сілы спэцыяльных апэрацый, Менскую вайсковую камэндатуру, 361-ю асобную базу аховы і абслугоўваньня ў Менску, 72-і аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Менская вобласьць).

У гэты ж пэрыяд на службу ў рэзэрве плянуецца прызваць каля 600 чалавек.

Прысяга заплянаваная на 21 лістапада.

Летась за восеньскі прызыў у войскі таксама было накіравана каля 10 тысяч навабранцаў.

У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.

Чаму гэта важна

За ўхіленьне ад службы прадугледжаная адказнасьць паводле арт. 435 Крымінальнага кодэксe (ухіленьне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу).

Паводле даных Вярхоўнага суду Беларусі, колькасьць грамадзян, якіх прыцягваюць паводле гэтага артыкулу, зьмяншаецца. У 2016 годзе паводле арт. 435 КК было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

На пачатку 2023 году былі зьніжаныя патрабаваньні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэньні прыдатнасьці да праходжаньня вайсковай службы. У прыватнасьці, верхняя мяжа масы цела, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спэцыяльных апэрацый, падвышаная з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спэцыяльныя міліцэйскія злучэньні і вайсковыя часьці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве ў мірны час грамадзяне з атлусьценьнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м² (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росьце 178 см), з блізарукасьцю любога вока на адным з мэрыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваньнямі да службы па кантракце ў спэцыяльных злучэньнях.

Вясной Лукашэнка падпісаў указ аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу.

Пасьля 2022 году ўлады Беларусі паступова рэфармавалі заканадаўства, яно цяпер дазваляе ім значна хутчэй правесьці мабілізацыю, а таксама спрашчае прызыў у войска салдатаў тэрміновай службы.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG