Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымлівайце вашых дэмакратычных лідэраў, каб зрынуць Лукашэнку, — аўтар польскай «шокавай тэрапіі» Бальцэровіч

Лешэк Бальцэровіч падчас цырымоніі «Залаты ляўр» у Варшаве. 20 кастрычніка 2026 году
Лешэк Бальцэровіч падчас цырымоніі «Залаты ляўр» у Варшаве. 20 кастрычніка 2026 году

Адзін з галоўных архітэктараў польскіх эканамічных рэформаў, былы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Польшчы Лешэк Бальцэровіч у кароткай размове з Радыё Свабода даў параду беларусам і патлумачыў, адкуль у палякаў узялася сьмеласьць на радыкальныя пераўтварэньні пасьля падзеньня камуністычнай сыстэмы.

Размова адбылася 20 кастрычніка ў Варшаве падчас цырымоніі ўручэньня польскай прэміі «Залаты ляўр». Лешэк Бальцэровіч атрымаў узнагароду ў намінацыі «Асоба 35-годзьдзя» за ўнёсак у эканамічную трансфармацыю Польшчы.

На просьбу даць параду беларусам эканаміст найперш загаварыў пра неабходнасьць палітычнага адзінства.

«Найважнейшая парада — гуртавацца вакол дэмакратычных лідэраў. Вы маеце выдатных лідэраў. Трэба іх падтрымліваць, каб зрынуць Лукашэнку», — сказаў Бальцэровіч.

На пытаньне, адкуль у палякаў напрыканцы 1980-х гадоў узялася сьмеласьць для радыкальных пераменаў, Бальцэровіч адказаў, што тады краіна апынулася ў стане эканамічнай катастрофы.

«Гэта не патрабавала вялікай сьмеласьці. У нас была эканамічная катастрофа — дык што, уцякаць ад яе? Не!» — падкрэсьліў Бальцэровіч.

Ён параўнаў радыкальныя эканамічныя рэформы з мэдычнай апэрацыяй, якая неабходная, калі пацыент цяжка хворы.

Лешэк Бальцэровіч таксама падкрэсьліў, ня ўсе беларусы прыслухаюцца да яго парады. Аднак, паводле яго, у Беларусі дастаткова людзей, якія бачаць, што адбываецца ў суседніх краінах, у тым ліку ў Польшчы.

Напрыканцы размовы эканаміст пажадаў беларусам посьпехаў.

Бальцэровіч выказаў пашану «сапраўдным героям Беларусі»

Узнагароду «Асоба 35-годзьдзя» Лешэку Бальцэровічу ўручыў рэктар Варшаўскай школы эканомікі (SGH) Пётар Ваховяк. У сваёй прамове ён назваў эканаміста адным з галоўных творцаў эканамічнага посьпеху Польшчы і падкрэсьліў ягоную ролю ў пераўтварэньнях пасьля 1989 году.

Бальцэровіч, прымаючы ўзнагароду, ужо на пачатку выступу зьвярнуўся да беларускай тэмы. Ён выказаў словы падтрымкі беларусам у прысутнасьці ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, журналіста Анджэя Пачобута і лідэркі беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай.

«Я хацеў бы выкарыстаць хаця б дзесяць сэкундаў, каб выказаць глыбокую пашану сапраўдным героям у Беларусі і салідарнасьць з прадстаўнікамі Ўкраіны, у тым ліку з прысутным тут амбасадарам», — заявіў эканаміст.

Лешэк Бальцэровіч падкрэсьліў, што дзеяньні гэтых людзей маюць надзвычайнае значэньне ня толькі для іхных краінаў, але ўскосна і для самой Польшчы.

Гаворачы пра ўласныя заслугі, ён адзначыў, што рэфармаваньне краіны і яе эканомікі не зьяўляецца справай аднаго чалавека. Бальцэровіч нагадаў, што каманда, зь якой ён пазьней праводзіў польскія рэформы, пачала рыхтаваць прапановы эканамічных пераўтварэньняў яшчэ ў 1970-я гады.

Напрыканцы выступу эканаміст яшчэ раз выказаў глыбокую пашану героям зь Беларусі і салідарнасьць з Украінай.

Хто такі Лешэк Бальцэровіч

Лешэк Бальцэровіч — польскі эканаміст, адзін з ключавых аўтараў эканамічнай трансфармацыі Польшчы пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму.

У 1989–1991 гадах ён займаў пасады віцэ-прэмʼера і міністра фінансаў Польшчы. Пад ягоным кіраўніцтвам быў распрацаваны і ўведзены ў дзеяньне пакет радыкальных эканамічных рэформаў, вядомы як «плян Бальцэровіча», альбо «шокавая тэрапія».

Рэформы, якія пачаліся ў 1990 годзе, былі скіраваныя на пераход ад плянавай сацыялістычнай эканомікі да рынкавай, стрымліваньне гіпэрінфляцыі і разьвіцьцё прадпрымальніцтва.

Пераўтварэньні суправаджаліся сурʼёзнымі сацыяльнымі наступствамі, у тым ліку ростам беспрацоўя, закрыцьцём нерэнтабэльных прадпрыемстваў і падзеньнем даходаў часткі насельніцтва. Аднак яны таксама заклалі аснову для далейшага разьвіцьця рынкавай эканомікі Польшчы.

У 1997–2000 гадах Бальцэровіч паўторна займаў пасаду віцэ-прэмʼера і міністра фінансаў, а ў 2001–2007 гадах узначальваў Нацыянальны банк Польшчы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG