Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве знайшлі абломкі імавернага дрона, які мог прыляцець з Польшчы

Ілюстрацыйная выява.
Ілюстрацыйная выява.

У Літве знайшлі абломкі, якія, імаверна, належаць бесьпілётніку. Паводле літоўскіх уладаў, неапазнаны лятальны апарат мог прыляцець з тэрыторыі Польшчы. Польскія вайскоўцы таксама правяраюць, ці было парушэньне паветранай прасторы краіны.

Як паведамляе Польскае радыё, Абломкі знайшлі каля вёскі Юоджоніс на поўначы Літвы, непадалёк ад месца, дзе аб’ект зьнік з радараў. Міністар абароны Літвы Робэртас Каўнас паведаміў, што частка абломкаў пашкодзіла цывільны аўтамабіль. Літоўскія вайскоўцы пачалі расьсьледаваньне інцыдэнту.

Раніцай 18 кастрычніка праз зьяўленьне неапазнанага аб’екта ў паветранай прасторы ўлады заклікалі жыхароў цэнтральных і паўночных раёнаў Літвы прыкладна на гадзіну схавацца ва ўкрыцьцях. Была абвешчаная паветраная трывога, а ў раён магчымага знаходжаньня аб’екта накіравалі зьнішчальнікі паветранай паліцыі NATO. Часова закрывалі і аэрапорт Коўна.

Зьнішчальнікі NATO не змаглі візуальна ідэнтыфікаваць аб’ект праз воблачнасьць і не спрабавалі яго зьбіць. Міністар абароны Літвы заявіў, што прапанаваў польскаму боку правесьці супольнае расьсьледаваньне. Пакуль не ўстаноўлена, што гэта быў за апарат і каму ён належаў.

Праз магчымую пагрозу паветраную трывогу ненадоўга абвяшчалі і ў памежных зь Літвой раёнах Латвіі. Пазьней папярэджаньні ў абедзьвюх краінах адмянілі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG