Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмежавалі далучэньне новых перавозьнікаў да «Яндэкс.Таксі»

Яндэкс. Таксі
Яндэкс. Таксі

Праблемы расейскай кампаніі пасьля ўдараў па цэнтрах апрацоўкі даных пашыраюцца. Як ужо пісала Свабода, цяжкасьці адчуваюць на сабе карыстальнікі службаў «Яндэксу» ў Беларусі. Цяпер прыйшоў час і на канкрэтныя абмежаваньні.

Пра абмежаваньне падлучэньня новых перавозьнікаў да «Яндэкс.Таксі» паведаміла Асацыяцыя прафэсійных перавозьнікаў пасажыраў аўтамабілямі-таксі (АППАТ).

На сайце службы пры спробе зарэгістраваць новага партнэра выходзіць паведамленьне: «Форма закрытая. Аўтар формы скончыў прыём адказаўі закрыў форму».

У АППАТ тлумачаць, што абмежаваньне спатрэбілася для стабільнай працы тых, хто ўжо супрацоўнічае зь «Яндэкс.Таксі». Форму абяцаюць нанова адкрыць, «як толькі ўсё адновяць».

У той жа час магчымых тэрмінаў аднаўленьня ніхто не падае.

Кампанія Яндэкс пакуль шырока не тлумачыць кліентам, што чакае кампаню далей, як у самой Расеі, так і ў Беларусі і іншых краінах, дзе яна мае бізнэс.

Некалькі дзён таму беларусы сутыкнуліся з праблемамі пры выкліку таксі, замове дастаўкі ежы, праглядаючы фільмы ў інтэрнэце, слухаючы музыку, спампоўваючы файлы з свайго воблачнага дыску або робячы банкаўскія онлайн-пераводы. Збоі ў гэтых сэрвісах зьвязаныя з праблемамі кампаніі «Яндэкс». Экспэрты ў кібэрбясьпецы таксама заявілі, што у выніку праблемаў «Яндэксу» прыкладна напалову зьменшыўся трафік расейскіх ботаў.

Што адбылося?

У кастрычніку Ўкраіна тройчы ўдарыла бесьпілётнікамі па дата-цэнтрах «Яндэксу» у Расеі — будынках з сэрвэрамі, якія забясьпечваюць працу інтэрнэт-сэрвісаў. Пацярпелі цэнтры ў гарадах Сасава Разанскай вобласьці, Калузе і Ўладзіміры. Наступствы адчулі ня толькі жыхары Расеі. Іх зазналі і карыстальнікі зь Беларусі, Казахстану, Армэніі, Узбэкістану, Сэрбіі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя атакі люстраным адказам на ўдары Расеі па ўкраінскай лічбавай інфраструктуры ў верасьні.

Колькі часу зойме аднаўленьне нармальнай працы дата-цэнтраў, пакуль няясна.

Аднаўленне магутнасьцяў дата-цэнтраў займае ад некалькіх месяцаў да паўгоду або нават году, калі спатрэбіцца будаваць новы цэнтар. Дадатковая праблема — заходнія санкцыі супраць Расеі, якія робяць больш складаным і дарагім імпарт неабходнага абсталяваньня.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG