Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму б не працягнуць Zoom»: дызайнэрка з Кіева выпадкова зьняла прылёт расейскага дрона падчас онлайн-заняткаў

Лізавета Браўн
Лізавета Браўн

Увечары 12 кастрычніка расейскі ўдарны дрон выбухнуў каля 25-павярховага жылога дому ў Кіеве. У гэты момант дызайнэрка Лізавета Браўн праводзіла онлайн-заняткі і выпадкова зафіксавала выбух на відэа. Пагутарылі зь ёю.

Яе рэакцыя на прылёт стала ў сацыяльных сетках віруснай. Радыё Свабода пагаварыла зь Лізаветай Браўн пра тое, што адбывалася ў тыя хвіліны і чаму яна спачатку нават не асэнсавала, наколькі небясьпечная была сытуацыя.

«Я жывая, усё нармальна. Чаму б не працягнуць Zoom?»

Падчас заняткаў Лізавета была на сваім звычайным працоўным месцы ў кватэры. Онлайн-сустрэча толькі пачалася.

Удзельнікі далучаліся да званка, калі ў Кіеве абвясьцілі паветраную трывогу. Выбух супаў з паветранай трывогай, і часу, каб асэнсаваць небясьпеку, практычна не было.

«Дзесьці праз чатыры хвіліны пасьля пачатку званка пачынаецца трывога. І ў тую ж хвіліну я бачу, як нешта ляціць. Я гляджу збоку і нават не разумею, у які бок яно рухаецца, бо мне здаецца, што гэта яшчэ вельмі далёка. Але літаральна праз дзьве сэкунды ўжо адбываецца прылёт — зусім побач», — расказвае Лізавета.

«Здавалася, што нічога не адбылося»

На відэа, якое разышлося па сацыяльных сетках, Лізавета эмацыйна рэагуе на тое, што адбылося, але пры гэтым спрабуе працягваць размову з удзельнікамі онлайн-заняткаў. Людзі, якія былі зь ёю на сувязі, прапаноўвалі спыніць званок і перанесьці сустрэчу.

Сама Лізавета ў той момант успрымала сытуацыю інакш.

«Калі адбыўся прылёт, я перабіла чалавека і на эмоцыях спрабавала нешта сказаць. Мяне спрабавалі спыніць: „Окей, Ліза, давай працягнем пазьней, перанясем Zoom“. Але для мяне ў той момант усё выглядала так, быццам нічога не адбылося. Ну, я ж жывая, усё нармальна. Чаму б не працягнуць Zoom?» — кажа яна.

Паводле Лізаветы, збоку яе рэакцыя магла выглядаць так, нібыта яна застаецца спакойнай і нават весяліцца. Аднак яна сама тады ня цалкам асэнсоўвала, што адбываецца. На яе стан маглі ўплываць адрэналін і шок пасьля выбуху.

«Я вельмі эмацыйна спрабавала паказаць, што ў мяне ўсё цудоўна і што мы можам працягваць. Але ў кватэры ўжо быў дым. Магчыма, праз гэта я таксама яшчэ ня ўсё разумела», — расказвае дызайнэрка.

«Толькі пазьней разумееш, у якой сытуацыі апынулася»

Онлайн-заняткі працягваліся ўсяго каля васьмі хвілінаў. Пасьля выбуху Лізавета не адразу спыніла званок: ёй здавалася, што калі яна сама не пацярпела, то можна вярнуцца да працы.

Яна перайшла ў ванны пакой і вырашыла, што сустрэчу ўсё ж трэба перанесьці. Прыкладна праз чатыры-пяць хвілінаў пасьля заканчэньня званка Лізавета паведаміла ўдзельнікам, што заняткі адбудуцца ў іншы дзень.

«Для мяне гэта выглядала так, быццам усё добра: я выжыла, стаю ў ванным пакоі, трывога ўжо скончылася. Я проста падумала, што мы можам працягнуць Zoom. Хоць людзі бачылі, што са мной нешта ня так», — кажа яна.

Цяпер Лізавета разумее, што для гледачоў відэа яе рэакцыя магла выглядаць зусім інакш, чым адчувала ў той момант яна сама.

«Калі ты перажываеш такія падзеі, а потым пачынаеш усьведамляць, у якой сытуацыі апынулася, гэта даволі страшна», — прызнаецца яна.

Нягледзячы на выбух побач з домам, Лізавета не пацярпела. Яна кажа, што ёй вельмі пашанцавала: вокны ў кватэры засталіся цэлымі.

«Я сяджу на тым самым месцы. Тут усё цудоўна. Мне вельмі пашанцавала, што вокны ня выбіла. У мяне цалкам цудоўны настрой і са мной усё добра», — сказала яна пасьля здарэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG