Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 кастрычніка. Блогерку Кацярыну Ваданосаву зьбіраюцца завочна судзіць

Кацярына Ваданосава, архіўнае фота
Кацярына Ваданосава, архіўнае фота

У дачыненьні да Кацярыны Ваданосавай распачалі спэцыяльную вытворчасьць. Яе абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч. 3 арт. 130-1 КК) і «апраўданьні генацыду беларускага народу» (ч. 1 арт. 130-2 КК).

Прычынай стала відэа на YouTube-канале «Будзьма Беларусамі!», дзе Кацярына Ваданосава паставіла пад сумнеў афіцыйную гісторыю забойства гаўляйтэра Вільгельма Кубэ.

У матэрыялах усчатай супраць яе справы гаворыцца, што «39-гадовая ўраджэнка Менску, знаходзячыся за межамі Беларусі і маніпулюючы ў групе зь іншымі грамадзянамі асобнымі фактамі з гісторыі краіны, на сыстэмнай аснове вырабляла і разьмяшчала на агульнадаступным YouTube-канале відэаролікі ў форме асьветніцкіх лекцый. Як вядучая падкасту, яна пазыцыянавала сябе як кампэтэнтную асобу, якая мае веды па названым гістарычным пэрыядзе».

40-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядучая, блогерка, спявачка, гісторык па адукацыі. Пасьля палітычна матываванага перасьледу змушана пакінула з сям’ёй Беларусь. Цяпер жыве ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне і страціла маці.

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» улады дадалі яшчэ 11 старонак у сацсетках

  1. 1863 ТАТУ / СТУДЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ТАТУІРОЎКІ Варшава (Instagram)
  2. Alexander Esenin (Facebook, старонка недаступная)
  3. Aliaksei Tsyhankou (Instagram)
  4. Symon Gromyko (Facebook)
  5. Volha Aheyeva (Facebook)
  6. Yana Zmagar (Facebook)
  7. Беларускiя Студэнты за Свабоду (Facebook)
  8. Баста (Facebook)
  9. Вольная Беларусь (Facebook)
  10. Рух Воля (Instagram)
  11. Юрась Дзяшук (Facebook)

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Цяпер у Беларусі 878 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 928. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG