Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 120 гадоў з дня нараджэньня Ганны Арэнт — аўтаркі культавай кнігі «Банальнасьць зла»

Ганна Арэнт, 1958 год. Фота Барбары Нігль Радлоф
Ганна Арэнт, 1958 год. Фота Барбары Нігль Радлоф

Падзеі 14 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дзень у гісторыі

1066 — адбылася бітва пры Гастынгсе — першая і апошняя значная спроба процістаяньня нармандзкай заваёве Англіі.

1529 — абаронцы Вены адбілі апошні вялікі штурм войска асманскага султана Сулеймана I. Назаўтра турэцкае войска спыніла трохтыднёвую аблогу і сышло ад гарадзкіх муроў ні з чым.

1773 — у Рэчы Паспалітай створана Адукацыйная камісія — сьвецкая ўстанова, якая пасьля забароны папам Рымскім Ордэну езуітаў пераняла і рэфармавала ўсю сыстэму адукацыі ў Польшчы і ВКЛ. Першае ў сьвеце міністэрства адукацыі.

1806 — бітвы пры Ене і Аўэрштаце, разгром французамі войска Прусіі, які прывёў да страты Прусіяй значнай часткі тэрыторыі.

1851 — у Лёндане Паўль Юліюс Ройтэр адкрыў тэлеграфную інфармацыйную кантору, зь якой вырасла міжнароднае інфармацыйнае агенцтва Reuters. Спачатку яно займалася перадачай біржавых зьвестак праз тэлеграф. З часам Reuters стала адным з найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў сьвету.

1911 — адкрылася Менская гарадзкая бібліятэка (1 кастрычніка паводле старога стылю).

1921 — у Кіеве пачаў працу першы Ўсеўкраінскі сабор украінскай аўтакефальнай царквы.

1933 — нацысцкая Нямеччына абвясьціла пра выхад зь Лігі Нацыяў, папярэдніцы ААН.

1942 — нацысты зьнішчылі Кобрынскае гета. Частка вязьняў аказала ўзброены супраціў, некаторым удалося ўцячы.

1947 — амэрыканскі пілёт Чарлз Егер упершыню пераадолеў гукавы бар’ер.

1953 — з канвэера Менскага трактарнага заводу сышоў першы першы сэрыйны колавы трактар МТЗ-2 «Беларусь».

МТЗ-2 «Беларусь» на пастамэнце каля заводу, архіўнае фота
МТЗ-2 «Беларусь» на пастамэнце каля заводу, архіўнае фота

1962 — амэрыканскі самалёт-выведнік выявіў на Кубе савецкія ракеты, пачатак Карыбскага крызісу.

1964 — пленум ЦК КПСС зьняў з пасады першага сакратара ЦК Мікіту Хрушчова і абраў на ягонае месца Леаніда Брэжнева.

1981 — Хосьні Мубарака абралі прэзыдэнтам Эгіпту. На гэтай пасадзе ён заставаўся амаль 30 гадоў.

14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. У 2020-м у Дзень маці ў Менску прайшоў «Марш матуляў».

У гэты дзень нарадзіліся

1789 — Станіслаў Шумскі, удзельнік напалеонаўскага паходу 1812 і паўстаньня 1831, маршалак віленскі, вязень расейскіх турмаў, мэмуарыст. Пахаваны ў Вільні на Росах.

1838 — Міхаіл Радзевіч. Нарадзіўся ў Мазыры. Публіцыст, літаратурны і тэатральны крытык, пэдагог, этнограф.

1890 — Дуайт Эйзэнгаўэр, 34-ы прэзыдэнт ЗША, камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Эўропе падчас Другой сусьветнай вайны.

Дуайт Эйзэнгаўэр
Дуайт Эйзэнгаўэр

1899 — Адам Бабарэка, беларускі пісьменьнік, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша».

1903 — Лявон Рыдлеўскі, беларускі палітычны і вайсковы дзяяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, дзяяч беларускае эміграцыі.

1903 — Сямён Косбэрг, савецкі канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў. Пад ягоным кіраўніцтвам створана сэрыя вадкасных ракетных рухавікоў, якія выводзілі ў космас касьмічныя караблі, спадарожнікі Зямлі і аўтаматычныя міжплянэтныя станцыі. Яго імем названыя вуліца ў Слуцку і кратэр на Месяцы.

1906 — Ганна Арэнт, адна з найбольш уплывовых дасьледніц таталітарызму.

1915 — Усевалад Краўчанка, беларускі пісьменьнік. Загадкава загінуў у Францыі ў 1961 годзе.

Усевалад Краўчанка
Усевалад Краўчанка

1925 — Антон Маркевіч, беларускі грамадзкі дзяяч у Канадзе.

1940 — Кліф Рычард, брытанскі сьпявак.

1943 — Гары Паганяйла, беларускі адвакат і праваабаронца. Нарадзіўся ў ГУЛАГу.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

1946 — Дэн Маккафэрці, заснавальнік і вакаліст рок-гурту «Nazareth».

1972 — Валянцін Стэфановіч, беларускі праваабаронца, былы палітычны вязень.

1984 — Ганна Шаркунова, сьпявачка, кампазытарка, аўтарка песень.

У памяці

1846 — Красьцьян Буткевіч, вядучы артыст балету прыгоннага тэатру Зорыча ў Шклове.

1937 — у Менску НКВД расстраляла Генрыка Жарскага, пісьменьніка і журналіста польскага паходжаньня, які працаваў у БССР. Ён быў рэдактарам польскамоўнай газэты Orka («Ворыва»).

1940 — Сымон Куніцкі, беларускі літаратурны крытык і навуковец, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

2004 — Іван Шамякін, беларускі пісьменьнік.

Іван Шамякін, 1971 г. Фота Ўладзімера Крука
Іван Шамякін, 1971 г. Фота Ўладзімера Крука

2011 — Анатоль Казловіч, журналіст, пісьменьнік, сцэнарыст.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG