Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 кастрычніка: палітзьняволеную Брыцікаву зьмяшчалі ў ШЫЗА

Жаночая калёнія № 4, Гомель. Архіўнае фота
Жаночая калёнія № 4, Гомель. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Стала вядома, што палітзьняволеную Брыцікаву зьмяшчалі ў ШЫЗА

Палітзьняволеную актывістку прафсаюзнага руху Вольгу Брыцікаву ў траўні зьмяшчалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) гомельскай калёніі № 4.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у канцы траўня ўвязьненую актывістку незалежнага прафсаюзнага руху Вольгу Брыцікаву трымалі ў штрафным ізалятары сем дзён.

Прычына спагнаньня невядомая. Пры гэтым адміністрацыя калёніі парушыла працэдуру: перад зьмяшчэньнем у ШЫЗА Вольгу не агледзеў лекар.

Перасьлед Вольгі Брыцікавай

Вольга Брыцікава — былая старшыня арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Нафтан». Жанчына адпрацавала на прадпрыемстве 16 гадоў, за сваю пазыцыю была звольненая. Яе шмат разоў затрымлівалі за выказваньні супраць вайны і распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У 2022 годзе яна правяла ў зьняволеньні 105 дзён, у тым ліку 75 дзён запар.

Вольга Брыцікава, архіўнае фота
Вольга Брыцікава, архіўнае фота

У межах крымінальнай справы Вольгу затрымалі ў жніўні 2023 году. Віцебскі абласны суд 8 красавіка 2024 году ў закрытым рэжыме асудзіў Вольгу на тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістку абвінавацілі ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці». Прысуд агучыла судзьдзя Галіна Бондал.

Празь пяць месяцаў над палітзьняволенай адбыўся другі суд. Жанчыну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў)»). Судзьдзя Яўген Буруноў прызначыў Вользе яшчэ тры гады калёніі.

20 сьнежня 2024 году яе апэляцыйную скаргу разглядаў Вярхоўны суд. Паводле рашэньня судовай калегіі, тэрмін другога прысуду Вользе скарацілі на адзін год. Такім чынам, агульны тэрмін увязьненьня Брыцікавай складае пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Цяпер Вольга адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 7 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 933.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG