Самалёт з групай вылецеў зь Бялграду і ў ноч на 11 кастрычніка прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце Шарамецева.
Зьвінчук падзякаваў за дапамогу расейскаму ўраду, Міністэрству замежных справаў, спэцслужбам, дзяржаўнай карпарацыі «Ростех» і канцэрну «Термодинамика». Ён таксама згадаў кіраўніцу RT Маргарыту Сіманьян і намесьніка старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Паводле Зьвінчука, ключавую ролю ў вызваленьні групы адыграла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, якая каардынавала працу расейскіх амбасадаў у Чарнагорыі і Сэрбіі. Расейцам пакуль не вярнулі канфіскаваную тэхніку.
Зьвінчука, ягоную жонку і трох супрацоўнікаў затрымалі 9 кастрычніка ў гатэлі ў курортным горадзе Рысан на ўзьбярэжжы Каторскай затокі. Чарнагорская паліцыя і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі краіны правялі апэрацыю пры падтрымцы міжнародных партнэраў. У расейцаў канфіскавалі камэры, мабільныя тэлефоны, дрон і іншае лічбавае абсталяваньне. Пасьля гэтага ўлады анулявалі дазволы на іхнае знаходжаньне ў краіне і пастанавілі выслаць іх з меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі.
Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Мілойка Спаіч заявіў, што спробы гібрыднага ўзьдзеяньня і дэстабілізацыі краіны ня змогуць зьмяніць яе эўрапейскі курс. Паводле чарнагорскага выданьня Vijesti, група магла рыхтаваць матэрыялы супраць эўрапейскай інтэграцыі краіны і ўвядзеньня візаў для грамадзян Расеі.
Чым займаецца праект «Рыбар»
- Зьвінчук знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу з чэрвеня 2023 году. Абмежаваньні забараняюць яму ўезд у краіны ЭЗ і транзыт празь іх. У санкцыйным абгрунтаваньні адзначалася, што ён уваходзіць у створаную Ўладзімірам Пуціным рабочую групу для каардынацыі мабілізацыйных захадаў у сувязі з вайной супраць Украіны. У ЭЗ «Рыбар» абвінавачваюць у датычнасьці да так званых гібрыдных апэрацый і распаўсюджваньня дэзынфармацыі і расейскай дзяржаўнай прапаганды. У ліпені 2026 году санкцыі супраць каналу і дзесяці зьвязаных зь ім асобаў увяла таксама Вялікая Брытанія.
- Расейскамоўны канал «Рыбар» мае больш за паўтара мільёна падпісчыкаў. Брытанскія ўлады заявілі, што праект фінансуецца расейскай дзяржавай, распаўсюджвае ілжывыя наратывы пра Ўкраіну і ўмешваецца ў выбары ў эўрапейскіх краінах.
- У 2024 годзе Злучаныя Штаты абяцалі выплаціць 10 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая дазваляе высьветліць асобу або месцазнаходжаньне асоб, якія маюць дачыненьне да праекту «Рыбар», якіх абвінавацілі ва ўмяшаньні ў палітыку ЗША. Пры гэтым непасрэдна аб крымінальным перасьледзе Зьвінчука не паведамлялася.
Форум