Міністэрства працы і сацыяльнай абароны абнавіла на 2027 год сьпіс рабочых прафэсій і пералік пасад службоўцаў, на якія «прыцягваюцца замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на сталае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь, без уліку абмежаваньняў у абароне нацыянальнага рынку працы». У новым пераліку разьбіралася агенцтва «Позірк».
Налета можна будзе наймаць замежнікаў паводле спрошчанай схемы на рабочыя пазыцыі — кіроўцы аўтамабіля; трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасьці; бэтоньніка; муляра; маляра; тынкоўніка; токара; фрэзэроўніка; чатырох тыпаў сьлесараў — рамонтніка, сантэхніка, мэханазборачных работ, рамонту аўтамабіляў; цесьляра; кухара; агароднінавода; жывёлавода; швачкі; электрагазазварніка; электрамантэра ў рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня; рабочага ў комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў; машыніста адціскнога абсталяваньня (у ранейшым пераліку ўдакладнялася, што гаворка пра гарбарную і гарбарна-сыравінную вытворчасьць); мяздрыльшчыка; абразальніка матэрыялаў; апэратара машыннага даеньня; прэсоўніка скур; прадаўца; расьцягвальніка скур і аўчын на рамы; санітара.
Да гэтага пераліку з 2027 году дадаюцца прафэсіі кіроўцы пагрузьніка, трактарыста, а таксама апэратара птушкафабрык і мэханізаваных фэрмаў. У той жа час зь яго выключылі прафэсію манцёра шляхоў.
Такім чынам, сьпіс рабочых прафэсій павялічваецца з 29 да 31 пазыцыі.
У пераліку пасад службоўцаў застануцца аграном; заатэхнік; тэхнік; электрамэханік; інжынэр; шэсьць тыпаў профільных інжынэраў — канструктар, мэханік, праграміст, тэхноляг, электронік, энэргетык; вэтэрынарны лекар; вэтэрынарны фэльчар; лекар-спэцыяліст (усіх найменьняў і профіляў мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў); мэдыцынская сястра (мэдбрат); памочнік лекара ў амбулаторна-паліклінічнай дапамозе.
Выключаць зь пераліку пасады акушэра і фэльчара. У выніку сьпіс скароціцца з 18 да 16 пазыцый.
Згодна зь дзейным заканадаўствам, пры найме замежніка на працу ў прафэсіі або пасадзе з гэтага пераліку наймальніку ня трэба атрымліваць адмысловы дазвол — дастаткова паведаміць падразьдзелу грамадзянства і міграцыі пра падпісаньне працоўнай дамовы.
Масавы выезд беларусаў за мяжу
Адкуль утварыўся такі брак адмыслоўцаў на шэраг прафэсій, што прымушае ўлады масава шукаць работнікаў за мяжою? Віною рэпрэсіі 2020 году і наступных. Празь іх, а таксама саўдзел Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны, а таксама істотнае зьніжэньне тэмпаў эканомікі і стану гаспадаркі, сотні тысяч беларусаў за апошнія шэсьць гадоў пакінулі краіну. Ня лічачы сваіх папярэднікаў у справе эміграцыі зь Беларусі.
Паводле зьвестак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасьля падзей жніўня 2020 году. Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У спавешчаньні Групы незалежных экспэртаў ААН у становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за 2025 год гаварылася, што з краіны за гэты час магло выехаць да 600 тыс. грамадзян.
У траўні 2024 году намесьніца міністра эканомікі Тацяна Бранцэвіч выказала меркаваньне, што на тле недахопу кадраў у Беларусі на першым месцы паводле актуальнасьці мае стаяць «задача не прыцягненьня новых працоўных рэсурсаў здалёк», а ўтрыманьне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — «вяртаньне суайчыньнікаў, якія мігравалі».
Чаму беларусы не вяртаюцца на радзіму?
Прапаганда часта называе людзей, якія пакінулі Беларусь «зьбеглымі». Але плён працы створанай уладамі Камісіі ў пытаньнях вяртаньня, куды ўваходзяць сілавікі рознага роўню, вельмі нізкі. У 2025 годзе было вядома, што з моманту яе заснаваньня ў лютым 2023 году ў Беларусь вярнуліся толькі каля 30 чалавек.
Не спрыяюць думкам беларусаў пра вяртаньне на радзіму і такія чыньнікі, як публічныя заявы Лукашэнкі і працяг масавых рэпрэсій. У краіне людзей працягваюць саджаць у турму або адпраўляць на «хімію» за падабайкі і камэнтары ў сацыяльных сетках, не гаворачы ўжо пра ўдзел у пратэстах 2020 году.
«Толькі за верасень з’явілася яшчэ 25 новых палітвязьняў. Агулам за кратамі застаюцца 885 палітзьняволеных. Больш за 170 зь іх знаходзяцца ў крытычным стане здароўя — з анкалёгіяй, пасьля інфарктаў і без належнай мэдычнай дапамогі», — заявіў 9 кастрычніка прадстаўнік «Вясны» былы палітвязень Валянцін Стэфановіч.
А ў чэрвені 2020 году Лукашэнка прапанаваў лекарам, што зьехалі за мяжу, вярнуцца, каб мыць посуд і выносіць сьмецьце. Ён заявіў, што беларускія лекары за мяжою нібыта «нікому не патрэбныя», а на радзіме праз палітычную «ненадзейнасьць» ім больш не дадуць працаваць паводле спэцыяльнасьці.
Форум