Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 62 ад 20 лютага, якім унёс зьмены ў склад камісіі ў пытаньнях памілаваньня і вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці, а таксама камісіі для разгляду зваротаў аб вяртаньні беларусаў, якія зьехалі за мяжу.
З складу камісіі ў пытаньнях памілаваньня вывелі судзьдзю Канстытуцыйнага суду Тадэвуша Варановіча, а Сяргей Сівец застаўся ў ёй як цяперашні старшыня Канстытуцыйнага суду.
Камісію ў пытаньнях памілаваньня па-ранейшаму ўзначальвае Вольга Чупрыс, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
У камісію, сярод іншых, уваходзяць старшыня Канстытуцыйнага суду Сяргей Сівец, старшыня Вярхоўнага суду Андрэй Швед, генэральны пракурор Дзьмітры Гара, кіраўнік Сьледчага камітэту Канстанцін Бычак, міністар унутраных справаў Іван Кубракоў, міністар юстыцыі Яўген Каваленка, старшыня КДБ Іван Тэртэль.
Камісія для разгляду зваротаў грамадзян у пытаньнях учыненьня імі злачынстваў (так афіцыйна называецца камісія ў пытаньнях вяртаньня беларусаў, якія зьехалі за мяжу) цяпер працуе ў новым складзе. З складу камісіі выключылі Андрэя Шведа, які быў яе старшынём. Новым чальцом камісіі стаў кіраўнік Сьледчага камітэту Канстанцін Бычак.
Замест Шведа кіраваць камісіяй будзе новы генэральны пракурор Дзьмітры Гара.
Зьмены зьвязаныя зь нядаўнімі кадравымі рашэньнямі: Андрэя Шведа перавялі з пасады генэральнага пракурора на пасаду старшыні Вярхоўнага суду.
У гэтай камісіі, сярод іншых, бяруць удзел старшыня Канстытуцыйнага суду, старшыня Вярхоўнага суду, генэральны пракурор, старшыня Сьледчага камітэту, міністар унутраных справаў, міністар юстыцыі і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
У 2025 годзе было вядома, што агулам каля 30 чалавек вярнуліся ў Беларусь праз «камісію вяртаньня» з моманту яе заснаваньня ў лютым 2023 году. Усяго ў камісію паступіла 323 звароты, 70 зь іх разгледзелі «ў сутнасьці». Аб астатніх камісіі не хапіла зьвестак.
Праваабаронцы паведамляі пра выпадкі, калі, нягледзячы на станоўчае рашэньне камісіі людзі па вяртаньні траплялі пад перасьлед.
Форум