«Лістоў даўно няма, і йдуць яны доўга. Папярэднія паштоўкі з лістамі больш чым 2 тыдні таму напісаныя. Падчас тэлефанаваньняў, якія адбываюцца нават часьцей за атрыманьне новай карэспандэнцыі ад Дзяніса, ён кажа, што ўсё ў парадку, ніякіх навінаў ці зьменаў зь ім не адбываецца», — расказала Свабодзе Вольга Івашына.
З атрыманых лістоў жонка палітвязьня вызначыла той, дзе Дзяніс паразважаў пра падзеі ў сьвеце. Таксама ў гэтым лісьце выявіўся ягоны настрой і жыцьцёвы аптымізм, які дапамагае вытрымаць цяжкасьці няволі, мяркуе Вольга.
«На нашых вачох адбываюцца фундамэнтальныя зьмены ў калісьці ідэалягічных бастыёнах, у розных рэгіёнах сьвету. З разьвіцьцём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, з улікам татальнае глябалізацыі (у тым ліку і эканомікі), падвышэньня дабрабыту, якасьці жыцьця, павялічэньня патэнцыялу чалавечага жыцьця гэтыя зьмены маюць экспанэнтны рост. І важна заўжды памятаць: мінулае заўжды прайграе будучыні. Тутака — без варыянтаў. Таму ўзмацняем нашую веру, нашыя спадзевы й чаканьні. З Божаю дапамогаю ўсё вытрымаем!», — напісаў Дзяніс Івашын на волю ў лісьце за 20 верасьня.
Ці ёсьць у Івашына шанец на датэрміновае вызваленьне
Паводле Вольгі Івашынай яе муж і яна не пераймаюцца спадзяваньнямі на датэрміновае вызваленьне ў выніку перамоваў беларускага рэжыму з адміністрацыяй ЗША, але настройваюцца на тое, каб быць гатовымі да ўсяго.
«У нас зь ім стратэгія „не гадаваць душу пустымі спадзевамі“. Ведаем, што за Дзяніса просяць з розных бакоў. Кожны неабыякавы да нашае сям’і чалавек робіць тое, што лічыць патрэбным і магчымым дзеля ягонага вызваленьня. Але бярэдзіць сабе душу тым, калі ж Дзяніс нарэшце выйдзе на волю, а ці патрапіць ён у ліст на чарговы этап вызваленьня пасьля чарговага прыезду Джона Коўла ў Менск ці яшчэ чаго, мы дакладна не жадаем. Проста чакаем на гэты момант і стараемся ня думаць пра „а раптам“. Няхай так станецца, тады й будзем неяк рэагаваць», — патлумачыла Свабодзе агульную пазыцыю Вольга Івашына.
Палітвязьню Дзянісу Івашыну 47 гадоў. Журналіста арыштавалі ў сакавіку 2021 году і ў верасьні 2022 году асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня за нібыта «здраду дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (артыкул 179 КК). На волю, калі не адбудзецца датэрміновага вызваленьня, Івашыну выходзіць у 2033 годзе, калі яму будзе 54 гады.
Паводле Вольгі Івашынай, ад адміністрацыі ПК № 15 прыйшоў афіцыйны ліст пра тое, што Дзяніс Івашын пасьля 13 лютага 2030 году будзе мець права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, але для гэтага мусіць сваімі паводзінамі «даказаць уласнае выпраўленьне».
Хто такі Дзяніс Івашын
- Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
- Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
- Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
- Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
- Сваякі і калегі меркавалі, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
- Івашын высьветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства і прынятыя на працу з парушэньнем закону. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў задушэньні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сьцьвярджаў, што ўсе зьвесткі для расьсьледаваньня браў з адкрытых крыніц.
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
- Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
- У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
- У верасьні 2022 году журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд зьвестак пра прыватнае жыцьцё) Крымінальнага кодэксу.
- У канцы чэрвеня 2023-га Івашына перавялі на турэмны рэжым. Жонка палітвязьня Вольга адзначыла, што пра працэс па зьмене рэжыму ня ведалі ані сваякі, ані адвакат.
- У ліпені 2023 году палітвязьня перавялі з магілёўскай калёніі № 15 у жодзінскую турму на падставе рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Магілёву.
- У красавіку 2024-га ад жонкі журналіста стала вядома, што Івашына пазбавілі перадач. Яна таксама паведаміла, што дасылаць вітаміны ў турму або калёнію можна толькі на падставе адмысловага дазволу лекара пэнітэнцыярнай установы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.
Форум