Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Івашын шосты раз сустракае дзень народзінаў у няволі. Якія навіны ад палітвязьня

Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

На 5 чэрвеня ў зьняволеньні ў Беларусі знаходзіліся як мінімум 870 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 942. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

6 чэрвеня палітвязьню Дзянісу Івашыну споўнілася 47 гадоў. Шосты раз журналіст сустракае дзень народзінаў у няволі, зь іх трэці раз у сьледчай турме № 8 у Жодзіне, дзе яго трымаюць на турэмным рэжыме.

Ужо паўтара году Дзянісу Івашыну не дазволеныя званкі сваякам, але лісты і паштоўкі ад яго даходзяць.

У адным з апошніх лістоў палітвязень даслаў сваякам свой новы верш, які ў Фэйсбуку выклала жонка палітвязьня Вольга.

Услухваюся. Чую шэпт расістых каласоў,
Гаманкіх чайцаў па-над бруістаю Плісаю,
Гутарку ветрыку ў нерушы адвечных лясоў
І калюжанскую песьню, што спавівае калыску.

«Гэта зноўку чатырохрадкоўе, напісаў і даслаў бацькам яго Дзяніс у мінулы чацьвер. Хуткасьць, зь якой новая карэспандэнцыя далятае да нас ад Дзяніса, адназначна нам падабаецца, хай бы захоўвалася так і надалей!» —пракамэнтавала публікацыю жонка палітвязьня Вольга Івашына ў Фэйсбуку.

Паводле зьвестак ад Вольгі Івашынай, у вязьніцы яе муж працягвае шмат чытаць і складае пляны далейшай самаадукацыі ў такіх навуках, як паліталёгія і сацыялёгія.

«Склаў сьпіс літаратуры нон-фікшн, якую зьбіраецца прачытаць. Там больш за 10 пазыцыяў», — адзначае жонка журналіста Івашына.

Пра фізычны стан мужа Вольга шмат зьвестак ня мае.

«Звычайна дадае: „фізычны стан нармалёвы, прычынаў для хваляваньня няма, маральна-баявы дух — на вышыні“. Гэтак і зараз», — паведаміла Вольга Івашына.

У чэрвені ад Дзяніса Івашына дайшлі ліст і паштоўка. Палітвязень ні на што ня скардзіўся.

  • Журналіста Дзяніса Івашына трымаюць ва ўмовах строгага рэжыму ў турме № 8 у Жодзіне.
  • Івашын асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня за нібыта «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт. 179 КК).
  • Да пераводу на турэмны рэжым у жодзінскай вязьніцы Дзяніс Івашын адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, дзе, як вядома праваабаронцам, на яго моцна ціснула адміністрацыя.
  • Паводле сваякоў, палітвязьню ўжо 18 месяцаў не дазваляюць тэлефонных званкоў.
  • На волю, калі не адбудзецца датэрміновага вызваленьня, Івашыну выходзіць у 2033 годзе, калі яму будзе 54 гады.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG