Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт пастанавіў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2026 году колішняй камісарцы ААН у правах чалавека Наванэтэм „Наві“ Пілай за яе намаганьні дзеля ўмацаваньня міру і міжнароднага права.
«Сёлетняя ляўрэатка адыграла ключавую ролю ў забесьпячэньні судовага перасьледу за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавецтва і генацыд», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Яна нарадзілася ў сям’і індыйскіх тамілаў ў Дурбане (Паўднёвая Афрыка) ва ўмовах апартэіду. Маючы юрыдычную адукацыю, Пілай супрацьстаяла глыбокай структурнай дыскрымінацыі, абараняла Нэльсана Мандэлу і іншых змагароў супраць апартэіду, працавала судзьдзёй у міжнародным судовым працэсе ў справе Руанды. Цяпер Наванэтэм Пілай працуе судзьдзёй Міжнароднага суду ААН у справе аб генацыдзе, у якім абвінавачваецца Мʼянма.
У 2008–2014 гадах Наванэтэм «Наві» Пілай працавала Высокім камісарам ААН у правах чалавека.
Што папярэднічала
5 кастрычніка пачаўся Нобэлеўскі тыдзень, цягам якога абвесьцяць усіх сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.
Першымі абвясьцілі імёны ўладальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў фізіялёгіі і мэдыцыне — яе атрымалі Карл Дайсэрот (ЗША), Пэтэр Гэґеман (Нямеччына) і Георґ Наґель (Нямеччына) за распрацоўку оптагенэтыкі.
Уладальнікам прэміі ў фізыцы стаў амэрыканскі навуковец Франсіс Галзэн, які паходзіць з Бэльгіі.
Нобэлеўскую прэмію ў хіміі 2026 году атрымалі Анры Каган (Францыя) і Кензо Соаі (Японія) за адкрыцьцё «нелінейных эфэктаў і аўтакаталізу ў асымэтрычным арганічным сынтэзе».
Уладальніцай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры стала канадзкая пісьменьніца Эн Карсан.
Апошнімі абвесьцяць ляўрэатаў прэміі ў эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля, заснаванай Банкам Швэцыі.
Беларускія ляўрэаты
Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і тады зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (Нобэлеўская прэмія міру).
Сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў таксама ёсьць навукоўцы, якія маюць беларускае паходжаньне або карані ў Беларусі — амэрыканскі навуковец Віктар Амброс (2024 год, прэмія ў мэдыцыне і фізіялёгіі), Жарэс Алфёраў (грамадзянін Расеі, 2000 год, прэмія ў фізыцы), Шымон Пэрэс (грамадзянін Ізраілю, 1994 год, прэмія міру), Мэнахем Бэгін (грамадзянін Ізраілю, 1978 год, прэмія міру), Сямён Кузьнец (грамадзянін ЗША, 1971 год, прэмія ў эканоміцы).
Форум