Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі вярнуўся да рэгуляваньня экспарту нафтапрадуктаў. З чым гэта можа быць зьвязана

Мазырскі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота
Мазырскі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота

Раней вытворцы і экспартэры беларускіх нафтапрадуктаў цягам двух месяцаў маглі вывозіць паліва без аплаты вывазных мытаў.

Як і ў папярэдніх выпадках, дакумэнт ухвалілі пазьней, чым прызначылі дату ўводу новых ставак: іх будуць выкарыстоўваць з 1 кастрычніка, а дакумэнт ухвалілі 6 кастрычніка.

Ад 1 кастрычніка мыта на вываз звадкаваных вуглевадародных газаў складае 17,4 даляра за адну тону, а на этан, бутан і ізабутан — 15,6 даляра, адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале пастанове ўраду.

З 1 жніўня да 1 кастрычніка дзейнічалі нулявыя стаўкі вывазнога мыта на нафтапрадукты.

Што папярэднічала

2 кастрычніка ў Службе бясьпекі Ўкраіны і галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб удары па расейскай лінейна-вытворча-дыспэтчарскай станцыі «Самара», а таксама помпавых станцыях «Самара-1» і «Самара-2» у раёне населенага пункту Прасьвет. Пасьля ўдараў на тэрыторыі аб’ектаў зафіксавалі пажары.

Самара ёсьць «сэрцам» нафтавай лягістыкі Расеі. Празь лінейна-вытворча-дыспэтчарскую станцыю «Самара» перапампоўваецца расейская і часткова казахстанская нафта. Яна даходзіць да беларускай мяжы, дзе кіраваньне сыстэмай пераходзіць да дзяржаўнай беларускай кампаніі «Гомельтранснафта Дружба».

У выніку пашкоджаньня станцыі аб’ёмы нафты, якія перапампоўваюцца ў Беларусь для беларускіх прадпрыемстваў і далей на Захад, маглі скараціцца.

Пасьля ўкраінскіх удараў Беларусь нарасьціла пастаўкі ў Расею

Агенцтва Reuters з спасылкай на свае разьлікі і зьвесткі ад дзьвюх крыніц у паліўнай галіне паведаміла аб росьце паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею пры «дэфіцыце паліва, выкліканага незаплянаваным спыненьнем расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасьля некалькіх месяцаў няспынных удараў украінскіх дронаў».

Паводле агенцтва, у пачатку ліпеня вытворчасьць бэнзінаў скарацілася да 65% ад узроўню сэзоннага спажываньня, а дызэльнага паліва — да ўзроўню ўнутранага попыту.

Паводле крыніц агенцтва, аб’ёмы паставак бэнзіну зь Беларусі з Расею чыгункай у ліпені павялічыліся на 13% у параўнаньні з чэрвенем і склалі 212 тысяч тон, дызэльнага паліва — вырасьлі да 162 тысяч тон, авіяцыйнага паліва — да прыблізна 13,1 тысяч тон.

Агулам аб’ёмы чыгуначных перавозак бэнзіну зь Беларусі ў Расею за першыя сем месяцаў году вырасьлі ў 25 разоў у параўнаньні з адпаведным леташнім пэрыядам і склалі амаль 665 тысяч тон, а дызэльнага паліва — амаль у 7 разоў, склаўшы 418 тысяч тон.

Цягам апошніх тыдняў украінскія сілы амаль штодня наносяць удары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах і пунктах захоўваньня нафтапрадуктаў, што выклікала дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку. У многіх гарадах Расеі людзі гадзінамі стаяць у чэргах, каб заправіць машыны.

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею.

Навошта ўводзяць мыта

Увод мыта і яго павелічэньне — сродкі рэгуляваньня экспарту пры неспрыяльнай сытуацыі на рынку.

Вывазныя мыты ўводзяць або мяняюць у асноўным для рэгуляваньня ўнутранага рынку і папаўненьня бюджэту. Увод і павелічэньне мыта робіць экспарт для вытворцаў нафтапрадуктаў нявыгадным і прымушае іх пастаўляць больш прадукцыі на ўнутраны рынак, каб зьнізіць дэфіцыт паліва і стрымаць рост цэн на бэнзін і дызэльнае паліва.

Паводле экспэртаў, рост ставак мыта стымулюе перапрацоўку нафты ўнутры краіны, а ня вываз сыравіны і цёмных нафтапрадуктаў (мазуты).

Раней расейскія выданьні пісалі, што новая экспартная палітыка ўладаў Беларусі можа прывесьці да росту цэн для замежных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў.

Беларусь — адзін з найбуйнейшых прадаўцоў звадкаваных вуглевадародных газаў у рэгіёне СНД. Гэтае паліва выкарыстоўваюць для аўтамабіляў, а таксама як сыравіну ў нафтахімічнай вытворчасьці.

У Беларусі згаданае мыта ўводзяць пры дэфіцыце паліва ў некалькіх расейскіх рэгіёнах, да якога прывялі інтэнсіўныя ўдары ўкраінскіх войскаў па нафтаперапрацоўчых аб’ектах Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG