Міністэрства плянаваньня і фінансаў М’янмы зьвярнулася ў парлямэнт краіны па дазвол на атрыманьне беларускага крэдыту.
Як паведаміла м’янмскае выданьне BETV Business, крэдыты будуць прызначаныя на «набыцьцё тавараў беларускай вытворчасьці, сучаснай тэхнікі і абсталяваньня, тэхналёгій, а таксама паслуг».
Аб’ём крэдыту не назвалі. Адзначылі толькі, што льготны пэрыяд аплаты крэдыту будзе дзейнічаць год пры пяцігадовым тэрміне яго выкарыстаньня.
Паводле м’янмскага міністэрства, працэнтная стаўка можа складаць ад 2,25% да 9,33% залежна ад валюты крэдыту. Дадаткова М’янме давядзецца выплаціць страхавы ўнёсак, памер якога будзе залжеаць ад тэрміну, на які выдаецца крэдыт.
Вынікі разгляду пытаньня пакуль не паведамляюць.
Што папярэднічала
Генэральнае пагадненьне аб наданьні экспартных крэдытаў урады Беларусі і М’янмы падпісалі 28 лістапада 2025 году ў м’янмскай сталіцы, і з той даты яно пачало часова дзейнічаць.
Крэдыторамі вызначаныя Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і «Белінвестбанк». Яны ж будуць і страхаваць экспартныя пастаўкі. Дадатковым страхаўшчыком будзе «Белэксімгарант».
Атрымальнікам экспартных крэдытаў ад імя ўраду М’янмы вызначана Міністэрства фінансаў і даходаў краіны.
Умовы крэдытаваньня будуць розныя, залежна ад катэгорыі прадукцыі. Іх дзьве — інвэстыцыйныя тавары і прамежкавыя, спажывецкія і іншыя тавары (работы, паслугі).
Крэдыты могуць выдавацца ў расейскіх і беларускіх рублях, кітайскіх юанях, далярах ЗША ці эўра.
М’янмскі бок павінен вярнуць крэдыты цягам ня больш за 5 гадоў. Адтэрмінаваць іх выплаты магчыма будзе ня больш, чым на год.
Базавая стаўка залежыць ад валюты, у якой выдаецца крэдыт, і вызначаецца залежна ад стаўкі рэфінансаваньня рэгулючых органах краін паходжаньня гэтай валюты.
Пагашэньне крэдыту павінна адбывацца пасьлядоўнымі паўгадавымі плацяжамі.
Чаму гэта важна
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўлены ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.
Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і М’янмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы з Беларусі ў Мʼянму.
Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.
27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.
Форум