Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на тле інтэнсіўных абстрэлаў Расеі і Ўкраіны патрабуе новых сродкаў супраць дронаў

Аляксандар Лукашэнка ў Інстытуце парашковай мэталюргіі ў Менскай вобласьці, 6 кастрычніка 2026 году
Аляксандар Лукашэнка ў Інстытуце парашковай мэталюргіі ў Менскай вобласьці, 6 кастрычніка 2026 году

Аляксандар Лукашэнка наведаў выпрабавальны палігон Інстытуту парашковай мэталюргіі ў Менскай вобласьці, дзе яму прадэманстравалі сродкі выяўленьня, суправаджэньня і зьнішчэньня бесьпілётнікаў.

«Патрэбны вынік. Пры падрыхтоўцы да гэтай паездкі я падумаў, што Ўладзімер Сьцяпанавіч (кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Каранік. — РС) упершыню ня толькі мне, але і народу паведаміць аб сваіх посьпехах у забесьпячэньні бясьпекі дзяржавы. Гэта на павінна быць чарговай казкай, што мы заўтра нешта зробім», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, у вайсковай сфэры галоўнае — гэта «абнуліць бесьпілётнікі», распрацаваць гарантаваныя і эфэктыўныя сродкі барацьбы зь імі.

«Вайскоўцам мы задачы ставім сур’ёзныя, якія трэба вырашаць. Іншых задач ня будзе. Нам непатрэбныя навукоўцы, якія ходзяць і казкі распавядаюць», — заявіў Лукашэнка.

Што папярэднічала

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. На гэтым тле падчас абстрэлаў сталі больш частымі выпадкі залёту расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць не ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядомыя некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG