Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 кастрычніка: за данаты затрымалі грамадзяніна Чэхіі, ураджэнца Беларусі

Сьледчы ізалятар КДБ. Ілюстрацыйнае фота
Сьледчы ізалятар КДБ. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што сярод 12 прызнаных напярэдадні палітвязьнямі ёсьць грамадзянін Беларусі, які мае таксама і грамадзянства Чэхіі.

Паводле праваабаронцаў, гэта ўраджэнец Горадні Віталь Дзямідчык, які стала жыў у Чэхіі з 2006 году. Яго затрымалі 30 чэрвеня 2026 году пасьля таго, як прыехаў у Беларусь наведаць хворую маці.

Мяркуюць, што падставай для яго крымінальнага перасьледу сталі данаты — на падтрымку беларускай апазыцыі ці палка Каліноўскага.

Цяпер 52-гадовага Віталя Дзямідчыка ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА № 1 у чаканьні суда.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 3 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 888 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 932.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG